Наўрад ці "карона", наўрад ці Нарышкін: чаму скасавалі "лутынг" у Мінску

Праўладны мітынг / Еўрарадыё
Праўладны мітынг / Еўрарадыё

Аляксандр Лукашэнка выступіў супраць правядзення вялікага мітынгу ў сваю падтрымку. Па словах кіраўніка Беларусі, паўдзельнічаць у ім рваліся 250-300 тысяч чалавек. Але — "нельга, не трэба нам збіраць людзей. Пераб'ёмся", — заяўляе ён за два дні да 25 кастрычніка, калі павінен быў прайсці мітынг.

Афіцыйна скасаванне мітынгу тлумачыцца меркаваннямі бяспекі і каранавірусам: "Старыя, яны рвуцца, мы іх не ўтрымаем. Яны ўсе могуць заразіцца". А якія ёсць "неафіцыйныя" прычыны? Што яшчэ магло прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад маштабнага мерапрыемства, закліканага паказаць, хто гаспадар у краіне?

"Хапун" і праўладны мітынг побач — непрыгожа

Вряд ли “корона”, вряд ли Нарышкин: почему отменили “лутинг” в Минске

— Я думаю, што кавід — несур'ёзная прычына. Калі ўлады арганізоўвалі мітынг, няўжо яны не ведалі, што ёсць каранавірус? Гэта проста несур'ёзна, гэта смешна, — лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч. — Магчыма, палічылі імаверную колькасць удзельнікаў праўладнага мітынгу і прыйшлі да высновы, што іх можа быць менш, чым удзельнікаў альтэрнатыўнага мітынгу праціўнікаў Лукашэнкі. Маглі параўнаць дзве гэтыя акцыі і прыйсці да вельмі непрыемных для ўладаў высноў.

Магчыма, спроба гвалтоўна мабілізаваць людзей у рэгіёнах выклікала новыя канфлікты ў працоўных калектывах. А ў той напружанай, наэлектрызаванай атмасферы, якая існуе ў краіне, гэта магло стаць дадатковым падсілкаваннем для ўльтыматуму, які абвясціла Ціханоўская.

Да таго ж дзве буйныя акцыі ў адным горадзе ў адзін дзень маглі выклікаць сутыкненні паміж удзельнікамі. Магчыма, улады занепакоіліся праз тое, што ў калону на праўладным мітынгу могуць залезці людзі з альтэрнатыўнымі поглядамі, з бел-чырвона-белымі сцягамі. Магла б атрымацца непрыемная сітуацыя, калі б гэтыя людзі змаглі сарваць праўладны мітынг. Ды і "хапун" і збіццё ўдзельнікаў альтэрнатыўнай акцыі побач з праўладным мітынгам выглядалі б неяк не вельмі прыгожа.

"Не выключаю, што да ўладаў дайшло"

Кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog палітолаг Андрэй Паротнікаў перакананы, што рашэнне ўладаў не пазбаўленае здаровага сэнсу і версія скасавання мітынгу праз ускладненую сітуацыю з каранавірусам цалкам прымальная.

Вряд ли “корона”, вряд ли Нарышкин: почему отменили “лутинг” в Минске
Андрэй Паротнікаў / Еўрарадыё

— Гэта сапраўды адэкватнае тлумачэнне, чаму ўлады маглі пайсці на адмову ад гэтых мерапрыемстваў. Цяпер успышка значна сур'ёзнейшая, чым была вясной. І, на жаль, улады прызнаюць наяўнасць праблемы, з аднаго боку, але, з другога боку, дзейнічаюць горш, чым вясной, таму што катэгарычна забаронена дзяржаўным установам ісці на аддаленую працу.

COVID-19 цяпер нават у міністэрствах і ведамствах, у апараце ўрада, вельмі вялікія праблемы ў сістэме адукацыі Мінскай вобласці. Сабраць цяпер людзей будзе вельмі небяспечна, бо невядома, як яны на гэта адрэагуюць.

Зганяюць на такія мерапрыемствы ў асноўным бюджэтнікаў, і мала таго, што іх прымушаюць працаваць у небяспечных умовах, калі яны падводзяцца пад пагрозу заражэння, дык яшчэ і адбіраюць выхадны, на працягу якога яны будуць знаходзіцца ў стоўпатварэнні, дзе дастаткова аднаго чыху або кашлю. Таму я не выключаю, што да ўладаў дайшло, што яны такім чынам настройваюць уласную апору супраць сябе. Але наўрад ці гэта адзіная прычына, яна будзе ў сукупнасці з чымсьці яшчэ.

Андрэй Паротнікаў не выключае, што ўлады не захацелі нават дапускаць магчымасць сутыкненняў паміж "змагарамі" і "ямыбацькамі". А вось учорашні візіт кіраўніка Службы знешняй разведкі Расіі Сяргея Нарышкіна ў Мінск наўрад ці мае дачыненне да скасавання "лутынгу", лічыць эксперт:

Прыезд Нарышкіна насамрэч быў планавы. Па-мойму, два ці тры апошнія гады, пасля таго, як наша КДБ пасварылася з іх ФСБ, яны вельмі "цалуюцца ў дзясны" са Службай знешняй разведкі, хоць да гэтага партнёрскай арганізацыяй у асноўным была ФСБ. Гэта была планавая калегія. Але варта звярнуць увагу на тое, што Нарышкін — блізкі да Пуціна чалавек, і ён мог перадаць нешта на словах асабіста.

Пра кавід было вядома і тыдзень таму, і ўчора

Палітычнаму аглядальніку Арцёму Шрайбману "каранавірусная" версія здаецца зусім непераканаўчай:

Вряд ли “корона”, вряд ли Нарышкин: почему отменили “лутинг” в Минске

— Прычына скасавання праз COVID-19 хутчэй падобная на гуманную адмазку. Дагэтуль каранавірус не перашкаджаў уладам праводзіць парады, футбольныя чэмпіянаты, не так даўно быў жаночы форум. Пра кавід было вядома і тыдзень таму, і ўчора, але мітынг працягваў планавацца. Хутчэй, прычына ў чымсьці іншым.

Можа быць, расіяне перадалі, што гэта дрэнная ідэя, што гэта можа прывесці да нейкіх сутыкненняў. Можа быць, людзі на месцах зразумелі, што не збіраецца патрэбная колькасць удзельнікаў. Можа, яны пабаяліся, што ў натоўп праўладных мітынгоўцаў прыйдуць пратэстоўцы. Можна толькі гадаць.

Любыя сур'ёзныя правакацыі "падпаляць" супраціў

— Рэальных прычын скасавання можа быць дзве: складанасці з наборам міфічных 200 тысяч (ды хаця б 20 тысяч) чалавек для ўдзелу ў мітынгу і вывад учорашняй калегіі расійскіх і беларускіх спецслужбаў пра тое, што любыя сур'ёзныя правакацыі на гэтым этапе хутчэй "падпаляць" рух супраціву, чым патушаць яго, лічыць даследчык і аналітычны журналіст Андрэй Елісееў.

Развязка "а-ля Чаўшэску"

— У раптоўнага скасавання мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі ў Мінску, прызначанага на нядзелю, не можа быць ніякіх іншых прычын і тлумачэнняў, акрамя боязі ўладаў, што мерапрыемства прывядзе да развязкі "а-ля Чаўшэску", разважае кіраўнік партала "Сильные Новости" Пётр Кузняцоў. — Ніякія канспіралагічныя тэорыі пра тое, што на рашэнне мог неяк паўплываць учорашні прыезд Нарышкіна, тут не працуюць. Скасаванне стварае такое адчуванне слабасці ўладаў, што адважыцца на такое яны маглі толькі пад уплывам нейкіх унутраных і вельмі небяспечных і моцных фактараў.

Надумаўшы звезці з кожнага рэгіёна па 10-20 тысяч лаяльных і пачаўшы гэта рэалізоўваць, улада запусціла самы глыбокі маніторынг грамадскай думкі ў народзе, у працоўных калектывах, на заводах і ва ўстановах. Атрыманы вынік, мяркуючы па ўсім, звёўся да вердыкту, даўно відавочнага амаль для ўсіх: рэальна абаперціся рэжыму, акрамя як на сілавікоў, няма на каго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі