Наталля Васілевіч: Праз аксесуары патрыярх дэманструе ўладу

120406 VasilevichS.mp3

Еўрарадыё: Як скандал з дарагім гадзіннікам і дарагой кватэрай у Маскве успрымаецца ў асяроддзі праваслаўных вернікаў?


Наталля Васілевіч: Трэба сказаць, што гэта тэма ўжо даволі заезджаная, таму што гэты гадзіннік у яго ўжо не першы год. Але сапраўды, цяпер гэтыя пытанні набылі актуальнасць. Вернікі па-рознаму на гэта рэагуюць, некаторыя перапошчваюць фотажабы на патрыярха, некаторыя спрабуюць абараняць патрыярха ад нападак. Я асабіста не ведаю, як правільна сябе паводзіць у гэтым выпадку. Трэба разбірацца з больш сур’ёзнымі пытаннямі на мой погляд – пытанне гадзінніка і кватэры, хутчэй, сведчыць пра больш глыбокія праблемы як унутры самой царквы, так і праблемы паміж царквой і СМІ, царквой і грамадствам.

Еўрарадыё: Раней РПЦ абвяргала наяўнасць у патрыярха гэтага гадзінніка. Але зараз, фактычна, атрымліваецца што калажам займаюцца прынамсі рэдактары сайту РПЦ?


Наталля Васілевіч: З гадзіннікам - гэта не першы калаж, быў нашмат больш цікавы калаж, калі падчас візіту патрыярха ва Украіну у Фоташопе дамалявалі людзей, каб больш было. Гэты калаж таксама доўга абмяркоўваўся. Мне здаецца, што гэта ўсё сведчаць пра тое, што царква спрабуе стварыць іншае ўражанне, чым ёсць на самой справе, упрыгожыць рэчаіснасць. Я не бачу праблемы ў наяўнасці гадзінніка, мне, напрыклад, таксама многія кажуць -  у яе камп’ютар, “Макбук”, “чэсныя” людзі не могуць мець такога камп’ютара. Даводзіцца сутыкацца з нейкай крытыкай, хаця, здаецца, што гэта вельмі простыя рэчы і наяўнасць гадзінніка ні пра што не сведчыць.

Еўрарадыё: Але вы не манашка. А патрыярх Кірыл – манах, як гэта суадносіцца з хрысціянскімі запаветамі, з кодэксам жыцця манаха, якому мусіць падпарадкоўвацца патрыярх?


Наталля Васілевіч: Нягледзячы на тое, што епіскапам можа стаць толькі манах, самі па сабе епіскапы перастаюць быць манахамі, таму што само служэнне епіскапа прадугледжвае распараджэнне маёмасцю. Менавіта епіскапу ў епархіі належыць права канчатковага распараджэння епархіяльнай маёмасцю. Таму пра чыстае манаства – калі чалавек жыве ў манастыры і не мае ніякай маёмасці – ужо не ідзе гаворка. Ад манаства застаецца толькі статус нежанатага чалавека, свядомае адмаўленне ад шлюбу. Таму не вельмі карэктна казаць пра епіскапа, як пра манаха, тым больш, што ён выконвае функцыю чыноўніка, які рэпрэзентуе пэўную сацыяльную ўстанову. Можна пагаджацца ці не пагаджацца з тым, ці патрэбная менавіта такая рэпрэзентацыя. Наяўнасць шыкоўных аўтамабіляў, залаў для прыёму гасцей, адзення, аксесуараў - па законах свецкага жыцця гэта знакі сацыяльнага статусу. Хаця, некаторыя епіскапы, напрыклад, патрыярх сербскі Павел, якога часта прыводзяць у прыклад як антытэзу, мог дазволіць сабе ездзіць на трамваі і насіць адзін абутак шмат гадоў. Але гэта, хутчэй, выключэнне з сучасных правілаў. Цяпер епіскапы спрабуюць гуляць па правілах свету і дэманстраваць уласную уладу праз розныя аксесуары ў тым ліку.

Еўрарадыё: Але да патрыярха ёсць прэтэнзіі і ў пытанні шлюбу. Кажуць, у яго дарагой кватэры жыве свецкая жанчына, якую ён называе траюраднай сястрой. Як бы вы гэта пракаментавалі?


Наталля Васілевіч: Я думаю, што праблема з кватэрай зусім не ў тым, што жанчына там жыве, а ў тым, як гэтая жанчына ад імя патрыярха сябе паводзіць. Я не была ў гэтай кватэры, але па той інфармацыі, якая прадстаўляецца ў СМІ, на мой погляд, патрыярх, людзі, якія яго прадстаўляюць, даюць падставу, каб абвінавачваць і патрыярха і ўсю царкву ў не вельмі хрысціянскіх паводзінах.

Еўрарадыё: Нагадаю, што гэта жанчына судзіцца з суседам, які правёў там рамонт і нібыта пашкодзіў шэраг рэчаў у кватэры патрыярха. Ці было штосьці падобнае ў Беларусі? Ці былі калі-небудзь такія прэтэнзіі да галавы беларускай праваслаўнай царквы?


Наталля Васілевіч: Я з такім не сутыкалася. Хіба што, для Беларусі была характэрная сітуацыя з прадпрыемствам Дыяканія, якое займалася гандлем алкагольнымі напоямі. Нават цяпер, калі мы прыйдзем у любую краму і возьмем нейкае віно, адрасам імпарцёра будзе адрас мінскай епархіі, мінскага епархіяльнага ўпраўлення, што таксама выклікае не вельмі прыемнае ўражанне. Але мне здаецца, законы функцыянавання інфармацыі такія, што вельмі часта ў скандалах цяжка разабрацца. Дарэчы, на днях вышэйшая царкоўная рада рускай праваслаўнай царквы прыняла зварот, у якім сцвярджала, што вядзецца інфармацыйная палітыка супраць РПЦ, і што за гэтай палітыкай стаяць тыя, хто прасоўвае аблудныя каштоўнасці агрэсіўнага лібералізму. Што нападкі на царкву ідуць не для таго, каб выкрыць адмоўныя моманты, а каб дыскрэдытаваць палітыку, якую праводзіць царква.

Еўрарадыё: Можа, лепшым супрацьдзеяннем было б не даваць нагодаў?


Наталля Васілевіч: Для таго, каб царква сапраўды выконвала сваю місію, не мець дарагіх кватэр і не насіць дарагіх гадзіннікаў недастаткова. Трэба рабіць нашмат больш, каб сапраўды сведчыць пра хрысціянскія каштоўнасці і пра евангельскую ісціну. Тады нават той, хто будзе выказвацца супраць такога чалавека, відавочна, не будзе мець рацыі. А тут часта крытыка – апраўданая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі