Настаўніку гісторыі Беларусі ў падручніках не хапае беларускай мовы

Камісія пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка, якая ўжо трэці месяц аналізуе айчынную адукацыю, разгледзела праблемы ў школьных падручніках.

“Адзін з кірункаў працы камісіі — гэта, канечне, праца над удасканаленнем падручнікаў. Такая праблема агучвалася. Але гэта трэба прапрацоўваць, хуткай пераробкі падручнікаў пакуль не плануецца”, — так Еўрарадыё апісваюць вынікі працы адукацыйнай камісіі ў Інстытуце адукацыі, які займаецца падручнікамі.

Цікавімся ў школьных настаўнікаў, што б яны перапісалі ў кнігах для вучняў.

“У пятым класе новыя падручнікі, яны добрыя. А ў шостым правілы рассыпаныя па падручніку, вучню складана разабрацца, што да чаго. Па літаратуры 6 класа можна больш пра пісьменнікаў, а там не сказана нічога”, — выказваецца настаўніца беларускай мовы з Мінска Вольга.

Адзіны недахоп у падручніках па гісторыі Беларусі — руская мова, дзеліцца настаўнік Павел:

“Падручнікі па гісторыі на расійскай мове — гэта асноўная хіба. Інфармацыя там добра прапісаная, што датычыць сярэднявечча, гісторыі Вялікага Княства Літоўскага”.

Падручнікамі па сусветнай гісторыі ён цалкам задаволены.

Падручнікі па англійскай мове для малодшых класаў занадта сумныя, лічыць настаўніца Алена:

“Выкладаю першы год, у нас два віды падручнікаў. Адзін добры, цікавы, а той, што для малодшых класаў, — аднастайны. Для дзяцей гэта сумна і складана, таму самой даводзіцца шукаць матэрыялы”.

Настаўніцы біялогіі са Слуцку Ларысе Яўгенаўне не хапае практычных задач для старшакласнікаў.

З ёй пагаджаецца і рэпетытар па біялогіі Вольга Адамаўна: няма задач па генетыцы.

Па сённяшніх падручніках фізікі і матэматыкі вучань не можа самастойна разабрацца ў тэме, тлумачыць рэпетытар і кіраўнік цэнтра “100 балаў” Яўген Лівянт:

“Па ім немагчыма вучыцца. Самастойна вучань не разбярэцца, і падрыхтавацца да паступлення па іх нельга. Але гэта не аўтары вінаватыя. Дрэнная сістэма арганізацыі напісання падручнікаў. Яны замаўляюцца Мінадукацыі пад пэўныя праграмы. Калі раней на фізіку было 4-5 урокаў на тыдзень, то цяпер 2-3. А колькасць матэрыялу такая ж. І аўтарам трэба ўціснуцца ў гэтую праграму”.

І дадае, што нават за савецкай уладай напісанне падручнікаў было прафесіяй. А цяпер гэта хобі пасля асноўнай працы.

Фота: deti.mail.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі