Напоўніць чаканне жыццём: беларуска — пра працу ў прытулку для ўцекачоў

Арт-прастору АТС 67 у Львове, дзе арганізавалі прытулак для бежанцаў / Еўрарадыё 
Арт-прастору АТС 67 у Львове, дзе арганізавалі прытулак для бежанцаў / Еўрарадыё 

Вайна ва Украіне прымусіла людзей уцякаць: толькі ў Львоў прыехалі амаль 300 тысяч перасяленцаў. Каб прыняць столькі ўцекачоў, у горадзе адкрыліся прытулкі: у тэатрах, спартзалах, школах і іншых прасторах. Яны ўсе падобныя і часта безаблічныя. Але мы знайшлі той, які адрозніваецца. Там вяртаюць "пачуццё дома".

У прытулку ўжо пяты месяц працуе беларуска Наталля, якая год таму з палітычных прычын пакінула свой дом у Мінску.
 

Здаецца, быццам ты трапіў у лякарню

Усе прытулкі для ўцекачоў, "прихистки", падобныя: на падлозе насцілы для сну, душ заўсёды заняты, у меню — кашы без смаку з кансервамі і няма чаго рабіць. Гэтым людзям няма куды ісці, няма дзе цяпер працаваць, яны спяць або гартаюць тэлефоны. Здаецца, быццам трапляеш у лякарню, дзе асноўны занятак — ляжаць і чакаць.

У такіх прытулках жывуць адначасова ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек. З жывёламі часта нельга. Мужчын першы час бралі неахвотна. Людзі нерваваліся, зрываліся. Абстаноўка напружаная. Так шмат народу, што не да ўтульнасці, а асабістая прастора абмежавана спальным месцам і заплечнікам побач.

Максімум, што тут можна атрымаць: начлег, ежа і душ. Узамен трэба выконваць правілы, яны вісяць па сценах на аркушах А4: "Захоўвайце цішыню", "Не хадзіце пасля адбою", "Мужчын, якія не сталі на ваенны ўлік, не прымаем", "Душ даўжэй за 10 хвілін не займаць", "Вяртайце рондалі на месца" і іншыя.

— Праз правілы губляецца ўвесь сэнс [прымаць людзей]. Мы думалі, спрабавалі, але ўсё ж вырашылі працаваць па-іншаму, — расказвае Наталля, валанцёрка ў незвычайным львоўскім прытулку, які размясціўся ў арт-прасторы АТС67. Тут валанцёры і госці (так іх называюць валанцёры) сталі камандай і разам уладкоўваюць жыццё "на базе", весяляцца, на абед падаюць рызота, вечарамі — кіно і шашлык, днём фотасэты або тэніс.

Наполнить ожидание жизнью: белоруска — о работе в необычном приюте для беженцев
У прытулку АТС67 / Еўрарадыё

Гучыць як змена ў моладзевым лагеры, але на самай справе не: пасля гэтай змены пастаяльцам няма куды вярнуцца. Але ў АТС67 час вырашылі не прысвяціць цяжкаму чаканню, а напоўніць жыццём, простымі заняткамі, якія цяпер недаступныя праз страту дома і таму яшчэ больш каштоўныя.
 

"Не плакала, калі выязджала з Беларусі. А тут раўла"

Наталля прыехала ва Украіну з Беларусі каля года таму. Выехала з палітычных прычын, адседзела ў Мінску суткі ў жніўні 2020-га. Калі пачалася вайна, запанікавала, сарвалася ў Польшчу, але на мяжы развярнулася.

— Я не плакала, калі выязджала з Беларусі. А тут раўла, не хацела ехаць. Я жыла адна, і было страшна заставацца. Прыехалі да мяжы, ішлі 20 кіламетраў. Там сустрэла знаёмых, якія прыйшлі за суткі да нас. За пару гадзін мы прайшлі метраў 50. Людзі штурхаліся, няветліва сябе паводзілі. Падумала: "Што я тут раблю? Я хачу назад".

Наталля з прыяцелямі знайшлі маршрутку і вярнуліся. У той жа вечар, 25 лютага, дзяўчына абтэлефанавала валанцёрскія цэнтры, каб даведацца, дзе патрэбна дапамога.

— Хтосьці даў Сашаў тэлефон, я патэлефанавала, і ён кажа: "Так, прыязджайце, пазнаёмімся, падумаем, што будзем рабіць".
 

"Як можна выселіць чалавека, які да гэтага страціў дом?"

Саша да вайны быў мастаком, маляваў, ляпіў, уладкоўваў сваю галерэю. Ну як галерэю — год таму гэта была колішняя тэлефонная станцыя, забітая смеццем. "Я мастак, у мяне тут майстэрня", — з гэтага пачаўся прытулак АТС67. Да прыезду перасяленцаў у хлопцаў і дзяўчат была пастаянная тусоўка з сямі чалавек, цяпер гэта касцяк каманды валанцёраў, а валанцёры тут адказваюць і за гаспадарку, і за творчасць. Так-так, у цэнтры для ўцекачоў праходзяць заняткі, усе, хто хоча маляваць, — малюе, вучыцца, спрабуе.

Наполнить ожидание жизнью: белоруска — о работе в необычном приюте для беженцев
У незвычайным прытулку для ўцекачоў у Львове / Еўрарадыё

З палетаў зрабілі спальныя месцы, з адзення сэканд-хэнд — матрацы, далі аб сабе знаць у валанцёрскі штаб. У першы дзень прыехаў аўтобус — 30 чалавек. Пра працу ў першыя дні Наталля кажа: "Нешта трэба было рабіць, і яно само пайшло". Прытулак трэба было зарэгістраваць у гуманітарным штабе: чалавек, прыехаўшы ў Львоў, спачатку едзе ў штаб і там яго "размяркоўваюць" на начлег. Можна папрасіцца ў АТС67, калі загадзя ведаць пра яго. Гэта адзін з нешматлікіх прытулкаў, куды можна з хатнімі гадаванцамі.

Калі Наталля ехала ў гуманітарны штаб на рэгістрацыю, абвясцілі паветраную трывогу, і яна спусцілася ў сховішча. Там яна пазнаёмілася з сям'ёй з Харкава: 3 дарослыя, 2 блізняткі і сабака. Начаваць ім не было дзе, чакалі "размеркавання", Наталля прапанавала: "Паехалі да нас". Прыехалі, а там рэйд тэрабароны. Па яе ўспамінах, сустрэча прайшла не вельмі прыветліва: добраахвотнікі сурова распытвалі пра прытулак, паставіліся з падазрэннем. У тую ноч Наталля засталася начаваць — "падзяжурыць".

— Пытанняў да вас праз беларускі пашпарт пры праверках не было?

— Нават калі і была нейкая агрэсія, не трэба яе раздзімаць. Не лічу патрэбным гэта трансляваць. Калі ў першыя дні да нас заходзіла тэрабарона, дыялогі былі розныя, тут можна сказаць, што і мясцовыя сутыкнуліся з агрэсіяй. Цяпер ваенны час, напружаны, але ўсё вырашальна. Аднойчы да нас зайшоў патруль, а мы не ўпэўненыя, тэрабарона гэта ці ДРГ [дыверсійна-разведвальная група. — Еўрарадыё]. Мы выклікалі паліцыю, яны таксама выклікалі паліцыю. Прыехала шмат людзей, усе са зброяй, а я была спакойная: думала, як добра, што вы прыйшлі. Праверце, паглядзіце, у нас усё ў парадку, і мы вам давяраем.

Цяпер начных дзяжурстваў у Наталлі няма, але першы час каманда сама жыла ў прытулку, каб наладзіць жыццё гасцей. У многіх цэнтрах для перасяленцаў ёсць правіла: пасля трох начлегаў трэба з'ехаць. Куды? Хтосьці шукае іншы цэнтр, хтосьці выязджае за мяжу. Такая гонка не дае людзям расслабіцца, нават калі яны ўжо ў бяспецы. У АТС67 спачатку таксама хацелі абмежаваць час знаходжання, але каманда сышлася ў адным: "А сэнс?"

Наполнить ожидание жизнью: белоруска — о работе в необычном приюте для беженцев
Праз вайну украінцам давялося ўцякаць і шукаць прытулак / Еўрарадыё

— Мы не за колькасць душ, якую паспеем рассяліць, а за жыццё кожнага канкрэтнага чалавека. Знаёмімся з людзьмі і пачынаем рабіць нешта разам. Наш настрой перадаецца, усе расслабляюцца, і атрымліваецца тэрапія. Як чалавека, які страціў дом, можна выселіць? Навошта яго тузаць правіламі? Я кажу ім: "Вы ў нас дома, у гасцях". Мы часам торгаемся, што трэба правілы расклеіць, але спраўляемся добрым словам. Людзі бачаць добрае да сябе стаўленне, што і колькі мы робім, і падключаюцца, становяцца часткай усяго гэтага.

Каманда АТС разам з гасцямі прывялі ў парадак двор, зрабілі клумбы, арэлі і ладзяць вечарынкі з барбекю. Унутры паставілі стол для тэніса і вялікую плазму — у часе паветраных трывог глядзяць фільмы, а раніцай "пад сняданак" уключаюць музыку.
 

"Вайна — гэта экзамен, як быць добрым чалавекам"

За ранішні плэйліст адказвае Андрэй. Ён з Адэсы. Адправіў жонку і чацвярых дзяцей у Германію, але самому заставацца ў Адэсе было боязна: кажа, калі б рускія прарваліся, то сядзі і чакай, кватэру зоймуць, а цябе расстраляюць. Як прыехаў у АТС67, тры дні не ўставаў — не мог ачуняць ад таго, як усё памянялася.

Наполнить ожидание жизнью: белоруска — о работе в необычном приюте для беженцев
У прытулку АТС67 / Еўрарадыё

Да вайны Андрэй працаваў кухарам у кавярні. Тут, у цэнтры, разам з напарнікам з Мікалаева яны пачалі гатаваць для ўсіх, каб адысці ад "уцякацкага меню":

— Вайна ідзе, а людзей карміць трэба, адну макарону есці не будзеш. Гатуем піцу, амлеты, кашкі, салаты, пасты, супы, баршчы і нават смузі і кактэйлі. Нічога не засталося з радасцяў у нас, акрамя як смачна паесці.

Хлопцы складаюць меню на два дні наперад, адкладаюць прадукты, робяць фота, як можна "інстаграмна" падаць простыя стравы.

Андрэй расказвае, што разам з камандай прытулку і іншымі хлопцамі ездзіць у цэнтр Львова, каб развеяцца. Першы час усе размовы былі толькі пра вайну, што дзе ўзарвалі, што абстралялі, усе плакаліся адно аднаму. Таму рабіць жыццё лепшым у месцы, дзе яны ўсе апынуліся, гэта агульная задача.

— Калі б не вайна, мы б не пазнаёміліся і не пасябравалі. Гэта вельмі страшна, людзі прыйшлі сюды забіваць, і ніхто не застрахаваны — ні Адэса, ні Львоў, — прыляціць куды хочаш. Учора такі вечар быў, усе "на факстроце"! Ездзілі ў горад, фоткаліся. Так, вайна, але трэба жыць тут і цяпер. Так што вырашылі раніцамі цяпер арганізоўваць ёгу або аэробіку. Падумаем.

За тое, што Андрэй і яго таварышы ўзялі на сябе такую працу, цэнтр прыдумаў ім аплату. Хлопцам і дзяўчатам, якія часта выклікаюцца прыбіраць, таксама вылучылі ганарары. Сумы хопіць на кішэнныя расходы, грошы ідуць з ахвяраванняў АТС67. "Праца памяншае трывожнасць і няўпэўненасць, — заўважае Саша. — Я за тое, каб у нас было больш вакансій, каб людзі не біткаліся. Патрэбныя ноўтбукі для тых, хто мог бы дыстанцыйна працаваць".

Іерархіі ў камандзе валанцёраў няма нават праз чатыры месяцы. Ці ёсць хоць нейкая непрыемная праца, ад якой усе адвільваюць? Каманда хорам адказвае, што такой няма: "У нас усё добра", абавязкі размеркавалі "інтуітыўна".

У цэнтры збіраюць, сартуюць і адпраўляюць далей гуманітарную дапамогу. Напрыклад, прыязджае грузавік з адзеннем. Усё перамяшана. Трэба разгрузіць, адсартаваць, разабраць па памерах, па колерах, спакаваць і адправіць далей: усё, што "ваенных" колераў — ва УСУ, цёплае — у шпіталі і лякарні, дзіцячае — асобна. У пакой забягае валанцёрка Юля з ахапкам джынсаў на руцэ:

— Всех поодягала, Лену, Полинку девчаток. Для Иринки, глядите, знайшла на ии попу яки клеши!

Калі пачалася вясна, перасяленцаў у горадзе можна было адрозніць па зімовай вопратцы. Апранутыя не па надвор'і, а пераапрануцца няма ў што. У АТС67 дзяўчаты апранаюць усіх сваіх. Знайшлі пальчаткі — падыдуць Дзімку, Насця яшчэ без сукенак — пашукаем. Нейкая крама перадала ў гуманітарцы свой мерч — некалькі чорных баек з аднолькавым прынтом, — каманда валанцёраў цяпер выглядае як каманда ў форме.

Наполнить ожидание жизнью: белоруска — о работе в необычном приюте для беженцев
Некаторым украінцам няма куды вяртацца / Еўрарадыё

Юля задумваецца, калі пытаюся, як яна маецца, што адчувае. Кажа, што ўсё, чаму да гэтага вучыліся ў жыцці — дабрыні і спагадзе, як быць добрым чалавекам і рабіць правільныя ўчынкі, — з вайной быццам бы ва ўсіх пачаўся экзамен па гэтых прадметах, а да гэтага была тэорыя.

— Чалавецтва, здавалася, так прасунулася: мы гаварылі пра правы жывёл, раўнапраўе, пра свядомае спажыванне, а цяпер вайна, і ўсё адкацілася, і гаворка не ідзе ні пра што такое. Толькі пра новыя звычкі: за 21 дзень можна прывыкнуць да паветранай трывогі. Ну а што рабіць, тое, што для цябе было шокам, стала руцінай, — дадае Наталля.
 

"Замест "трымайся" — шукайце варыянты, як дапамагчы"

Калі мы ехалі на сустрэчу ў цэнтр, спыталі, якую дапамогу захапіць. Наталля адказала, што ўсё ёсць, але можна прывезці... маскі для твару або парфуму. Яна заўважыла, што жанчыны прынеслі люстэрка, а фатаграфавацца вельмі саромеюцца, таму што адчуваюць сябе недагледжанымі. Так у ванным пакоі з'явілася скрынка з "жаночымі штучкамі".

А на кухні ёсць спецыяльны астравок з пачастункамі для гадаванцаў. Іх тут нямала, і ўсе сябруюць, сабакі з катамі не б'юцца. Як сказаў Андрэй, адчуваюць, што вайна і гэтыя канфлікты павінны адысці на другі план, цяпер усім трэба ўжыцца.

Вось Антон прыехаў з двума сабакамі — Спэйсам і Нікай — з Жытомірскай вобласці. Называе цэнтр "дзівосным месцам з асаблівай энергетыкай". Пакуль быў дома, кожны дзень прачынаўся ад выбухаў. Яго сям'я паехала далей, у Польшчу, ён пакуль тут. Антон музыка і, пакуль жыў у АТС67, напісаў шмат тэкстаў. Тут жа пазнаёміўся з хлопцамі, якія пішуць яму біты. Начамі з Вовам і Мішам сядзяць на кухні і пішуць. Браты прыехалі з Пушчы-Вадзіцы, гэта Кіеў. Вова расказвае, што, калі пачалася вайна, прачнуліся, але не панікавалі. У двары ўсе бегалі з пакетамі, зніклі нават тыя машыны, што стаялі на прыколе гадамі. Хлопец выйшаў спытаць пра эвакуацыю, і за метраў пяць прыляцела дзве міны, на шчасце, не ўзарваліся:

— Меў зносіны з тэрабаронай, і прыляцелі атветачкі прыстрэлачныя, а потым пачынаюць жорстка гасіць артылерыяй. Жылі так: прачынаешся, чытаеш навіны і абавязкова нешта ўжо здарылася. Потым зацішша, і да вечара эйфарыя, здаецца, што ўсё ок. Далей новы дзень. У нашым падвале хавацца было нельга, магло заваліць, таму вырашылі выбірацца, каб не трапіць у блакаду.

Наполнить ожидание жизнью: белоруска — о работе в необычном приюте для беженцев
У прытулак АТС67 пускаюць нават з сабакамі / Еўрарадыё

АТС67 Вова называе найлепшым месцам, куды можна было трапіць. Шмат прасторы, і можна займацца сваімі праектамі: хлопец развівае свой тг-канал і ютуб. З сабой ён узяў ката, дакументы, камп'ютар і пакет аўсянкі. Шкадуе, што не ўзяў відэакарту, стойку і мікрафон. Бабуля з цёткай цяпер у Роўне і, як кажа Вова, "здзяйсняюць на эмоцыях шмат нерацыянальных дзеянняў".

Наталля пастаянна расказвае гісторыі пра цэнтр: то яны на планёрцы абмяркоўваюць, як дастукацца да Шона Пэна, які прыехаў ва Украіну, то ў тындары знаходзяць тых, хто гатовы данаціць. Калі пішуць сябры, прапануе не трывожыцца, а дапамагаць. Тым больш цяпер, калі хочацца паказаць, што беларусы супраць вайны. Адзін знаёмы ўкраінец, які дапамагаў беларусам пасля пратэстаў, напісаў ёй, што засмучаны: беларусам тут далі дом, а калі ўкраінцам складана, яны з'ехалі.

— Мяне вельмі злавалі ўсе гэтыя "Трымайся, мы сэрцам і душой з табой". Я стала пісаць: "Дык дапамагайце, каб трымаліся, знаходзьце варыянты дапамогі". Камусьці СММ быў патрэбны, нехта ў чатах шукаў інфармацыю, мы цяпер сайт робім — папраўдзе без грошай можна шмат чаго зрабіць. Так, трэба думаць, унікаць, шукаць як.

Валанцёрка Юля, якая падабрала ўсім джынсы, зазывае тых, хто вольны, паехаць у цэнтр Львова. Там ля фантанаў са светлавым шоу будуць выступаць хлопцы, якія раней жылі ў АТС67. Юля кліча з сабой Іру, тая адмаўляецца са словамі "іншым разам".

Наполнить ожидание жизнью: белоруска — о работе в необычном приюте для беженцев
У прытулку АТС67 / Еўрарадыё

Ёй яўна не да забавак. Яна прыехала з бабай і прабабай (і двума катамі) са Славянска. Нікуды не ходзіць, ляжыць і скроліць навіны, калі мы размаўляем. Да вайны яна выкладала англійскую анлайн, а цяпер не можа сабрацца, не можа браць грошы ва ўкраінцаў. Восем гадоў таму яны з сям'ёй ужо выязджалі з-пад Данецка, паўгода пражыўшы пад абстрэламі. Цяпер кожны шоргат і кожная сірэна прымушае хвалявацца. "Тут усё задавальняе, усё вельмі душэўна, людзі проста да слёз", — адгукаецца Іра пра АТС67.

— Нібыта жыццё ідзе, але яно не такое. Цішыня іншая, сірэны, шмат людзей у горадзе, і разумееш, што гэта не турысты, — расказвае Наталля. — Мы робім такую пляцоўку, каб людзі, прыехаўшы вымушана, сталі сваімі, часткай гэтага месца. Калі няма дома ці ты туды не можаш вярнуцца, гэта самае галоўнае адчуванне.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі