"Надыходзіць сапраўдны Савок!" У Беларусі адмяняюць канцэрты ў клубах і барах

Аднойчы на канцэрце / Еўрарадыё
Аднойчы на канцэрце / Еўрарадыё

Музыкі, якія зарабляюць на жыццё выступамі ў беларускіх клубах і барах, расказваюць пра раптоўную адмену запланаваных канцэртаў.

"На мінулым тыдні ў мяне адмянілі тры выступы, — кажа Еўрарадыё адзін з артыстаў. — Гэта не нейкія падпольныя канцэрты, звычайна мы працуем па дамове падраду. Проста ў бар прыйшлі нейкія паперы, дзе напісана пра тое, што цяпер трэба ўзгадняць усіх артыстаў, і хлопцы сказалі, што будуць унікаць у працэдуру. У іншай установе папрасілі даслаць мае пашпартныя звесткі, рэпертуар — выступ адбыўся. Чуў, што ў музыкаў яшчэ пытаюцца, ці былі нейкія адміністрацыйкі пасля выбараў у 2020-м, так што зразумела, для чаго гэта ўсё робіцца. Сітуацыя непрыемная: я музыкай не падпрацоўваю, гэта мая праца. Гадзінны выступ у бары каштуе каля 100–150 рублёў. На мінулым тыдні, лічыце, застаўся без заробку. Візу зрабіць праблематычна, таму паехаць працаваць за мяжу пакуль не атрымаецца".

Падобныя выпадкі апісваюць і іншыя артысты.

"Чыноўнікі правяраюць спісы музыкаў і песень, якія яны спяваюць, — расказвае яшчэ адзін наш суразмоўца. — Калі нешта не задавальняе, просяць арганізатараў адмяняць выступ, без тлумачэння прычыны. Такое ўжо здарылася з маімі знаёмымі. Так што тут надыходзіць сапраўдны Савок. Многія калегі ўжо з'ехалі, мы таксама сядзім на валізах".

"Яшчэ некалькі месяцаў таму клуб адмовіўся ад прэзентацыі маёй кнігі, бо на ёй павінны былі выступаць музыкі, якія, мабыць, чымсьці не дагадзілі ўладам. Я перанёс яе ў іншую ўстанову, ужо без тых музыкаў, але мне зноў адмовілі", — а такая гісторыя здарылася з адным нашым пісьменнікам.

“Наступает настоящий Совок!” В Беларуси отменяют концерты в клубах и барах
Публіка ўсхваляваная

Праспявала ўкраінскую песню — насаліла ўсім?

Сітуацыя з зарабляннем грошай на творчасці пагаршаецца яшчэ і тым, што ў тым жа Мінску некаторыя ўстановы, у якіх сістэматычна праходзілі канцэрты, закрытыя. ТNT на рамонце, не працуе клуб "Берлін".

"Вырашылі наогул больш нічога не праводзіць, — кажуць нам у адным з беларускіх бараў. — Падаваць спісы артыстаў? Мы не ведаем, каго і як падставім такім чынам і чым гэта адгукнецца потым нам".

Адзін з арганізатараў канцэртаў расказвае: чыноўнікі і раней папярэджвалі пра тое, што ўсім, хто займаецца арганізацыяй чаго-небудзь у Беларусі, неабходна падаць дакументы на ўключэнне ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

No video provider was found to handle the given URL. See the documentation for more information.

Як стаць афіцыйным арганізатарам

На сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ёсць цэлы раздзел, прысвечаны працэдуры ўключэння ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў:

"Уключэнню ў рэестр падлягаюць юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі, замежныя або міжнародныя арганізацыі, якія праводзяць культурна-відовішчныя мерапрыемствы — культурныя мерапрыемствы, праграма якіх уключае ў сябе публічнае выкананне вынікаў творчай дзейнасці калектывамі мастацкай творчасці або асобнымі выканаўцамі.

Да культурна-відовішчных мерапрыемстваў адносяцца спектаклі, канцэрты, паказы і любыя іншыя культурныя мерапрыемствы, якія прадугледжваюць публічнае выкананне вынікаў творчай дзейнасці калектывамі мастацкай творчасці або асобнымі выканаўцамі (фестывалі, вечарыны, святы, карпаратывы, юбілеі, тэатралізаваныя шэсці, карнавалы, цыркавыя паказы, шоу, батлы, цырымоніі ўручэння ўзнагарод, конкурсы прыгажосці, дэманстрацыі мадэляў адзення і аксесуараў, цырымоніі адкрыцця і закрыцця спартыўных, навуковых, эканамічных і іншых мерапрыемстваў у выпадку ўдзелу ў іх творчых калектываў і выканаўцаў, творчыя сустрэчы, аўтарскія вечары і іншыя).

Да асобных выканаўцаў адносяцца акторы, музыканты-інструменталісты, вакалісты, танцоўшчыкі, артысты цырка, артысты арыгінальнага жанру (фокуснікі, ілюзіяністы, дэманстратары фаер-шоу і іншыя), аўтары-выканаўцы песень, чытальнікі, вядучыя, аніматары і іншыя асобы, якія публічна выконваюць вынікі творчай дзейнасці".

 

Для ўключэння ў рэестр арганізатар павінен накіраваць у Мінкульт заяву, а таксама асабістыя звесткі, згоду на апрацоўку персанальных звестак і выпіску аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку звестак аб правапарушэннях.

“Наступает настоящий Совок!” В Беларуси отменяют концерты в клубах и барах
Грошай не зарабіць — музыкі "на валізах" / Еўрарадыё

Разгляд дакументаў праходзіць на працягу 20 дзён. За гэты час Рэспубліканская экспертная камісія па фармаванні і вядзенні рэестра прымае рашэнне, уключыць туды арганізатараў або адмовіць.

Пакуль няма дазволу, праводзіць мерапрыемствы арганізатарам забаронена. Але цырк працуе, так што нават калі ўсе артысты, якія сёння не могуць зарабляць грошы ў Беларусі, застануцца без хлеба, грамадзяне краіны ўсё роўна не застануцца без відовішча.

У адной з дзяржаўных кнігарняў Еўрарадыё расказалі, што дзяржаўным установам, якія праводзяць мерапрыемствы, спецыяльны дазвол ад чыноўнікаў не патрабуецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі