Нацыянальную тэатральную прэмію атрымаў спектакль на трасянцы

Нацыянальную тэатральную прэмію атрымаў спектакль на трасянцы

У Купалаўскім тэатры адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў V Нацыянальнай тэатральнай прэміі, піша tut.by

У секцыі музычнага тэатра найлепшым спектаклем прызнаная опера "Багема" Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Спявак Уладзімір Громаў, які выканаў у гэтым спектаклі партыю Марсэля, атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю ў музычным спектаклі.

У намінацыі "Найлепшая жаночая роля ў музычным спектаклі" перамога дасталася Ірыне Яромкінай (партыя Байджан ў балеце "Каханне і смерць", Нацыянальны тэатр оперы і балета).

Найлепшым балетам стала пастаноўка "Вішнёвы сад" Музычнага тэатра. Найлепшым спектаклем у жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзікла быў прызнаны спектакль "Недалёка ад нормы" Тэрыторыі мюзікла. Гэта другі ліцэнзійны брадвейскі мюзікл, пастаўлены ў Беларусі (першай была "Вестсайдская гісторыя").

Пераможцам у намінацыі "Лепшая праца сцэнографа ў музычным спектаклі" стаў Аляксандр Касцючэнка (опера "Тоска", Нацыянальны тэатр оперы і балета). 

У секцыі лялечнага тэатра найлепшым спектаклем сталі "Сёстры Граі" Мінскага абласнога тэатра лялек "Батлейка" (Маладзечна). Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля быў Яўген Карняг. (Журы, дарэчы, адзначыла яшчэ адну яго працу — "Бетон", пастаўлены ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, атрымала прыз як найлепшы эксперыментальны спектакль.)

Прыз за лепшую працу рэжысёра ў лялечным тэатры дастаўся Юру Дзівакову за спектакль "Пліх і Плюх" Гомельскага тэатра лялек. У намінацыі "Найлепшая праца сцэнографа ў тэатры лялек" перамагла Таццяна Нерсісян — за працу ў спектаклі "Новая зямля" Брэсцкага тэатра лялек. 

Найлепшым спектаклем для дзяцей і юнацтва (у гэтай намінацыі маглі спаборнічаць спектаклі не толькі лялечныя, але і драматычныя і музычныя) была названая "Калядная гісторыя", пастаўленая Ігарам Казаковым у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.

А вось лепшага акцёра і лепшую акторку тэатра лялек журы вызначыць не змагло.

У драматычнай секцыі адразу тры ўзнагароды атрымаў "Рэвізор" Купалаўскага тэатра. Ён быў прызнаны найлепшым драматычным спектаклем, а яго пастаноўшчык Мікалай Пінігін быў адзначаны ў катэгорыі "найлепшая праца рэжысёра тэатры драмы". Гогалеўскія героі ў пастаноўцы Пінігіна размаўляюць на трасянцы, што перадае каларыт беларускага райцэнтра 1970-1980-х гадоў. 

Віктар Манаеў, які згуляў Гараднічага ў гэтым спектаклі, атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю. 

Найлепшую жаночую ролю, на думку журы конкурсу, выканала Юльяна Міхневіч у спектаклі "Опіўм" пастаўленым "АРТ Карпарэйшн". 

Двойчы перамог у Нацыянальнай тэатральнай прэміі спектакль "Кропкі на часовай восі" Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі. Ён быў адзначаны ў намінацыях "Найлепшая праца сцэнографа" (Валянціна Праўдзіна) і "Найлепшы спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара" (Дзмітрый Багаслаўскі). 

Прыз як "Найлепшы спектакль тэатра драмы малой формы" атрымаў "Метад" Гомельскага моладзевага тэатра. Званне "Мецэнат тэатра" дасталося Анатолю Барысевічу, намесніку старшыні праўлення банка БелВЭБ. Прэмію за ўнёсак у мастацтва атрымаў дырэктар Магілёўскага аблдрамтэатра Андрэй Новікаў, які ўжо доўгія гады арганізоўвае фэст "M@rtКантакт".

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 21.12

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі