Начныя выбухі ў Кіеве і абстрэлы Луганскай вобласці — 51-я раніца вайны

Падлетак на руінах свайго дома ў ваколіцах Чарнігава / АР
Падлетак на руінах свайго дома ў ваколіцах Чарнігава / АР

У Кіеве і Херсоне гэтай ноччу былі чутныя выбухі, паведамляе рэсурс "Громадське". Падрабязнасцяў пакуль няма.

Пагроза ракетных удараў па Кіеве і іншым украінскім гарадам захоўваецца, казаў прыблізна ў гэты час на брыфінгу ў Вашынгтоне прадстаўнік Пентагона Джо Кірбі. Яго папрасілі пракаментаваць заявы Крамля аб намеры нацэліць свае ракеты на "цэнтры прыняцця рашэнняў". Нават калі Расія пачала адводзіць свае войскі ад украінскай сталіцы і Чарнігава, у ЗША не лічылі, што Кіеў пазбег небяспекі, сказаў Кірбі. Ён нагадаў, што "мы гаварылі пра гэта шмат разоў, нават на ранніх стадыях адводу і перадыслакацыі расійскіх войскаў".

Ночные взрывы в Киеве и обстрелы Луганской области — 51-е утро войны
Карта паветраных трывог у Украіне на 0:30 15 красавіка / alerts.in.ua

Для Украіны будзе яшчэ адна небяспека, лічыць экс-начальнік ваеннай выведкі Вялікабрытаніі Філіп Осбарн. У каментары Sky News ён выказаў здагадку, што наступнай фазай вайны ва Украіне стане "бітва лагістыкі". На яго думку, на наступным тыдні можа быць захоплены Марыупаль, пасля чаго расійскія войскі пачнуць рухацца на поўнач для падтрымкі наступу на ўсходзе. У гэтай сітуацыі для ўкраінцаў паўстане праблема аператыўнай дастаўкі зброі і тэхнікі на ўсход.

Між тым, на раніцу 15 красавіка, па дадзеных украінскага Генштаба, актыўныя баявыя дзеянні ішлі на Данецкім і Таўрычаскім напрамках. Тут расійскія войскі спрабуюць захапіць населеныя пункты Папасная і Рубежнае. Пакуль беспаспяхова.

"На тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей за мінулыя суткі адбіта восем нападаў ворага", — гаворыцца ў зводцы Генштаба.

За мінулыя суткі расійскія войскі абстрэльвалі дамы і інфраструктуру Луганскай вобласці 24 разы. Пра гэта паведаміў кіраўнік рэгіёну Сяргей Гайдай. Два чалавекі загінулі, яшчэ двое параненыя

Тым часам, у Беларусі стала менш расійскіх самалётаў, адзначае УНІАН. Агенцтва прааналізавала спадарожнікавыя здымкі і адзначае, што на аэрадроме ў Лунінцы, дзе раней знаходзілася некалькі эскадрыляў СУ-25, наогул не засталося самалётаў. У Мачулішчах знаходзяцца толькі два беларускія Іл-76 і пару верталётаў, у Баранавічах засталіся толькі самалёты Су-30СМ і Міг-29БМ беларускай 61-ай знішчальнай авіябазы. На аэрадроме ў Лідзе таксама пуста.

У Марыупалі разбураныя 95% будынкаў. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У сваім начным звароце ён таксама казаў пра тое, што Расія пачала вайну супраць Украіны не 24 лютага, а восем гадоў таму, калі расійскія войскі захапілі Крым і пачалі цынічную вайну на Данбасе.

Тым часам ва Украіну вяртаюцца бежанцы. ААН паведамляе, што ў краіну ўжо вярнуліся каля 870 тысяч чалавек, якія з'язджалі ад вайны. Штодня ў сярэднім цяпер вяртаецца па 30 тысяч чалавек.

Але масавае вяртанне можа ўскладняць "праблемы гуманітарнага характару ўнутры Украіны", папярэджваюць у арганізацыі.

У ЕС абмяркоўваюць перспектыву прыняцце Украіны ў Еўрасаюз. Да таго, як будзе прынята рашэнне, краіну ацэняць па двух асноўных крытэрах: як функцыянуе дэмакратыя і як функцыянуе рынкавая эканоміка, заявіў пасол ЕС ва Украіне Маці Маасікас. Пра гэта распавядае УНІАН.

А The New York Times піша, што Еўрапейскі Саюз распрацоўвае эмбарга на расійскую нафту — чыноўнікі хочуць прадугледзець паступовае ўвядзенне забароны.

Мінулай ноччу на будынку будынак амбасады РФ у Вашынгтоне з'явіўся ўкраінскі сцяг. Гэта ўкраінцы запусцілі светлавую праекцыю, піша "Громадське". Расіяне спрабавалі заглушыць яе пражэктарам. Атрымалася не вельмі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі