Вы тут

Нацбанк знізіў стаўку рэфінансавання да 10,5% гадавых

Фота: pixabay.com

З 14 лютага Нацыянальны банк знізіў стаўку рэфінансавання з 11% да 10,5% гадавых. Стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці зніжаюцца з 12% да 11,75% гадавых. Пра гэта паведамляецца на сайце Нацбанка

Сёлета стаўка рэфінансавання зніжаецца ўпершыню. Летась яна зніжалася восем разоў, апошні раз — з 18 кастрычніка 2017 года.

Рашэнне пра зніжэнне стаўкі праўленне Нацыянальнага банка тлумачыць існуючым і прагнозным узроўнем інфляцыі, працягам аднаўленчага росту эканомікі, а таксама спрыяльнымі тэндэнцыямі на знешніх рынках.

За 2017 год інфляцыя зменшылася з 10,6% да 4,6%. На запаволенне росту спажывецкіх цэнаў найбольш паўплывала базавая інфляцыя: за 2017 год яна знізілася з 10% да 2,5%. Паводле ацэнак, у бліжэйшыя месяцы прырост спажывецкіх цэн складзе каля 5% за год. "З улікам прынятага рашэння манетарныя ўмовы забяспечаць па выніках 2018 года ўтрыманне інфляцыі ў межах мэтавага параметру", — гаворыцца ў заяве Нацбанка.