На журналістку Аліну Скрабунову склалі пратакол за каментар тэлеканалу

У дачыненні да журналісткі з Магілёва Аліны Скрабуновай распачаты адміністратыўны працэс, паведамляе служба маніторынгу ГА "БАЖ". 

Мясцовыя міліцыянты склалі пратакол на журналістку, палічыўшы яе каментар тэлеканалу "Белсат" вырабам прадукцыі СМІ без адпаведнага на тое дазволу.

Суд Кастрычніцкага раённага суда Магілёва прыняў да разгляду пратакол, складзены 22 сакавіка. Раней суддзя адправіла на дапрацоўку папярэдні пратакол. Судовае паседжанне прызначанае на 31 сакавіка.

Пікантнасці сітуацыі дадае той факт, што сама Аліна Скрабунова з 7 сакавіка знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Незадоўга да таго ў яе кватэры адбыўся ператрус, пра які яна і распавяла "Белсату".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.