На VII з'ездзе Саюза палякаў Беларусі, які адбудзецца 14 сакавіка ў Гродне, чакаюць еўрадэпутатаў Тадэвуша Звеска, Яцэка Пратасевіча і польскіх сенатараў Збігнева Рамашэўскага ды Кшыштафа Путру.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар СПБ Ігар Банцар:
"Мы дакладна ведаем, што на з'езд збіраюцца і маюць візы польскія
сенатары Збігнеў Рамашэўскі і Кшыштаф Путра. Павінны быць еўрадэпутаты
Тадэуш Звеска і Яцэк Пратасевіч — кіраўнік працоўнай групы па Беларусі.
Таксама будзе спадарыня Мезінек. Яна з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам
арганізацыі, якая аб’ядноўвае польскія арганізацыі ва ўсім свеце".
Ігар Банцар кажа, што ўжо паўтара месяца ўлады перашкаджаюць таму, каб
з'езд адбыўся. Беларускіх дэлегатаў звальняюць з працы, з імі
праводзяць гутаркі ідэалагічныя работнікі ці спрабуюць завербаваць у
КДБ.
"З дэлегатамі з'езду ідуць так званыя прафілактычныя гутаркі, якія
адбываюцца з удзелам кіраўнікоў па ідэалогіі. Нядаўна была спроба
вярбоўкі аднаго з нашых актывістаў з боку КДБ".