Вы тут

На закрытым судзе Сарокіна і Барысевіч дапытваюць сведкаў-медыкаў

Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч у судзе / Ramil Nasibulin/BelTA/Handout via REUTERS

22 лютага ў Мінску ў Доме правасуддзя аднавіўся разгляд крымінальнай справы журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч і лекара мінскай Бальніцы хуткай меддапамогі Арцёма Сарокіна. Працэс закрыты. Як паведамляе TUT.by, у панядзелак дапытваюць сведкаў-медыкаў.

Сарокіна і Барысевіч абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы пра стан пратэстоўца Рамана Бандарэнкі, што "пацягнула цяжкія наступствы". Нібыта ў грамадстве адбылося "павышэнне напружанасці" ды стварылася атмасфера "недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў". Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін абнародавалі інфармацыю, што забіты Бандарэнка не быў п'яным — 0 праміле алкаголю ў крыві, што супярэчыла афіцыйным заявам Следчага камітэта і Аляксандра Лукашэнкі.

"Што сказаць? Самае страшнае адбылося нашмат раней, чым раскрыццё ўрачэбнай таямніцы, — кажа сведка-лекар Бальніцы хуткай меддапамогі, які лячыў Рамана Бандарэнку. — Рады, што ўбачыў Арцёма. Ён і Кацярына трымаюцца бадзёра".

Сарокін і Барысевіч з лістапада 2020 года знаходзяцца за кратамі. Яны прызнаныя палітзняволенымі.

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін, дарэчы, атрымалі магчымасць "пагуляць" па Мінску, дзякуючы адной з беларускіх мастачак, якая працуе ананімна (здымкі ніжэй).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.