Гомельскія міліцыянты зрабілі справаздачу пра рэпрэсіі і выпадкова паказалі ракетныя комплексы ў аэрапорце абласнога цэнтра. На гэта звярнуў увагу рэсурс "Флагшток". Раней у тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, з'явілася відэасправаздача пра затрыманне "спячай ячэйкі экстрэмістаў". Па аднаго з "экстрэмістаў" прыехалі ў Гомельскі аэрапорт.
На кадры міліцэйскіх здымак трапілі і два ракетныя комплексы. Іх відаць на заднім плане. Ракеты на колавым шасі стаяць каля ўзлётнай паласы. Комплексы падобныя на ЗРК С300/С400 — сістэма СПА, якая ў тым ліку ўжываецца і для нанясення удараў па Украіне. Напярэдадні, нагадаем, меркавана ракетамі С-300 быў абстраляны Харкаў. Ракеты былі запушчаныя з тэрыторыі Белгародскай вобласці Расіі, казаў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.
