На саміце АДКБ у Мінску падрыхтавалі агульны спіс тэрарыстаў
У Мінску 30 лістапада прайшоў саміт АДКБ. У гэтую арганізацыю ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Як адзначае tut.by, у беларускую сталіцу прыехалі не толькі прэзідэнты гэтых краін, але таксама кіраўнікі МЗС, міністэрстваў абароны і саветаў бяспекі.
Краіны АДКБ падрыхтавалі адзіны спіс тэрарыстычных арганізацый. Прадстаўляючы яго, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што не бывае "добрых" тэрарыстаў, з якімі можна супрацоўнічаць супраць "дрэнных". Па яго словах, у краінаў АДКБ "існуе абсалютнае адзінства поглядаў адносна неабходнасці шчыльнай кааперацыі па барацьбе з гэтымі новымі выклікамі і пагрозамі".
Дагэтуль у кожнай з краін быў свой уласны спіс тэрарыстаў. Праўда, большасць пазіцый у іх супадалі.
Як заявіў журналістам намеснік генеральнага сакратара АДКБ Валерый Семеракоў, краіны — чальцы АДКБ плануюць сумесную антытэрарыстычную аперацыю "Наёмнік". Гэтая аперацыя звязаная з групоўкай "Ісламская дзяржава". Семеракоў падкрэсліў, што на баку гэтай тэрарыстычнай групоўкі ўдзельнічае шмат "прадстаўнікоў нашых дзяржаваў".
Таксама на саміце было падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаў АДКБ у галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі і прынята рашэнне аб плане рэалізацыі стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ на перыяд да 2025 года.
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў прапанаваў правесці наступную сесію Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у другім паўгоддзі 2018 года ў Астане.