На рэстаўрацыю фрэсак Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы — 150 млн рублёў

На рэстаўрацыю фрэсак Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзі ў Полацку ў 2010 годзе запланавана вылучыць 150 мільёнаў рублёў. Пра гэта БелаПАНу паведаміў навуковы кіраўнік узнаўлення жывапісу на помніку сярэднявечнай архітэктуры мастак Юры Маліноўскі. Па ягоных словах, на гэтыя працы сёлета было вылучана 350 млн руб. Дарэчы, у гэтым годзе мастакі-рэстаўратары адкрылі ў алтарнай частцы храма каля 200 кв. м унікальных фрэсак XII стагоддзя. А ўвогуле за 17 гадоў у старажытным храме Полацкай школы дойлідства, збудаваным паміж 1152 і 1161 гадамі дойлідам Іяанам на замову Еўфрасінні Полацкай, адноўлена 450 з больш як 1 тыс. кв. м насценнага жывапісу.

Паколькі частка гэтых фрэсак знаходзіцца на вышыні 10 м, а адлегласць паміж сценамі складае часам не больш 90 см, знізу гэты жывапіс амаль не бачны. За 850 гадоў гэтыя фрэскі ніхто не бачыў, акрамя мастакоў-рэстаўратараў, якія раскрылі і сфатаграфавали жывапіс, яки старажытныя майстры стваралі не для людзей, а для Бога. Па словах Маліноўскага, копіі гэтых фрэсак з часам будуць дэманстравацца.

Як адзначыў мастак, расійскія адмыслоўцы, якія ўдзельнічаюць у рэстаўрацыйных працах, вядуць фотафіксацыю фрэсак з дапамогай такой тэхнікі, якая дазваляе друкаваць атрыманыя малюнкі ў выглядзе кніжных ілюстрацый. Беларускія рэстаўратары пакуль такой тэхнікі не маюць. Таму пасля здымання рыштаванняў, на якіх працуюць мастакі, сфатаграфаваць фрэскі будзе ўжо немагчыма.

Дарэчы, расійскія спецыялісты выпусцілі ўжо два выдання кнігі, прысвечанай фрэскам Спаса-Праабражэнскай царквы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі