На прэзідэнцкіх выбарах у Грузіі перамагла Саломэ Зурабішвілі

На прэзідэнцкіх выбарах у Грузіі перамагла Саломэ Зурабішвілі

У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Грузіі перамагла Саломэ Зурабішвілі. Паводле падлікаў 100% галасоў яна набрала 59,52% (больш за 1,1 млн выбаршчыкаў). Толькі фармальна Зурабішвілі з'яўляецца незалежным кандыдатам, бо яе адкрыта падтрымлівае цяперашняя ўлада. Прадстаўнік апазіцыйнай кааліцыі "Сіла ў адзінстве" Грыгол Вашадзэ набраў 40,48% (780 тысяч чалавек). Для перамогі аднаму з кандыдатаў дастаткова было набраць большасць галасоў. Яўка склала 56,23%.

Першы тур прайшоў 28 кастрычніка. За Саломэ Зурабішвілі прагаласавалі 38,64% выбаршчыкаў, а за Грыгола Вашадзэ — 37,74%.

Дарэчы, гэта апошнія прамыя прэзідэнцкія выбары ў Грузіі. З 2024 года кіраўніка дзяржавы будзе выбіраць парламент.

Саломэ Зурабішвілі 66 гадоў. Яна нарадзілася ў Францыі ў сям'і грузінскіх палітычных эмігрантаў. Каля трох дзесяцігоддзяў Зурабішвілі працавала ў французскім МЗС. У 2003-м стала паслом Францыі ў Грузіі, у 2004-м — міністрам замежных спраў Грузіі (ужо пасля рэвалюцыі, у выніку якой прэзідэнтам стаў Міхаіл Саакашвілі). Саломэ Зурабішвілі атрымала грузінскае грамадзянства, але захавала французскі пашпарт. Ужо восенню 2005 года яна страціла пасаду і апынулася ў апазіцыі Саакашвілі. Некалькі гадоў ачольвала апазіцыйную партыю "Шлях Грузіі". У 2016-м пры падтрымцы правячай партыі Зурабішвілі прайшла ў парламент.

Саломэ Зурабішвілі спрабавала стаць прэзідэнтам Грузіі яшчэ ў 2013 годзе, але яе не зарэгістравалі з-за двайнога грамадзянства. Сёлета яна ад французскага грамадзянства адмовілася, і гэтая перашкода знікла.

Як адзначае "Бі-Бі-Сі", Зурабішвілі выступае за збалансаваны падыход у дачыненнях з Расіяй і з Захадам. Вашадзэ з'яўляецца прыхільнікам больш жорсткага курсу на збліжэнне з Захадам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі