На пратэстных акцыях у Мінску 13 снежня было затрымана больш за 300 чалавек

Адно з лакальных шэсцяў у Мінску 13 снежня / "Наша ніва"
Адно з лакальных шэсцяў у Мінску 13 снежня / "Наша ніва"

Больш за 300 чалавек было затрымана в Мінску на акцыях пратэсту ў нядзелю. Такія дадзеныя на раніцу панядзелка прыводзяць і валанцёры, і праваахоўныя органы.

"За парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Мінску затрымана больш за 300 чалавек", паведамляе агенцтва БЕЛТА са спасылкай на ГУУС Мінгарвыканкама (пазней у МУС паведамілі пра 271 затрыманага). Пры гэтым, паводле звестак міліцыі, у нядзельных маршах удзельнічала "не больш за 800 чалавек".

У спісах валанцёраў, якія акумулюе тэлеграм-канал "Спісы затрыманых", 320 прозвішчаў. Гэта людзі, па якім удалося атрымаць інфармацыю ў сталічных РУУС. Але валанцёры ўдакладняюць, што інфармацыя не поўная. У Заводскім РУУС дзяжурны адмовіўся прадаставіць спіс з прозвішчамі затрыманых. Так што не выключана, што агульная колькасць затрыманых можа апынуцца больш.

У праваабаронцаў пакуль ёсць дадзеныя аб затрыманні 286 чалавек. Вядома, што некаторым была патрэбна дапамога медыкаў. Як мінімум траіх шпіталізавалі, яшчэ аднаго даставілі ў бальніцу, а затым вярнулі назад у РУУС. Паводле звестак праваабаронцаў, мужчына быў збіты пры затрыманьні. Зараз ён у ЦІП на Акрэсціна.

Валанцёры паведамлялі напярэдадні, што ў некаторых РУУС не бяруць перадачы для затрыманых. Толькі ў Першамайскім і Партызанскім РУУС яны змаглі перадаць затрыманым цёплыя рэчы, ваду і трохі ежы.

Напярэдадні ў Беларусі адбыліся традыцыйныя пратэстныя акцыі. У буйных гарадах яны прайшлі ў лакальным фармаце — людзі збіраліся ў мікрараёнах і ішлі шэсцем. У сталіцы такія шэсці былі заўважаны ў Зялёным Лузе, Лябяжым, на Партызанскім, у Бараўлянах, Осмоловцы, ва Уруччы, Малінаўцы, Каменнай Горцы. У шэрагу выпадкаў затрыманні  удзельнікаў праходзілі з ужываннем сілы.

У Смалявічах міліцыя затрымала 11-цікласнікаў — увесь клас у поўным складзе. Яны вярталіся з рэпетыцыі вальса, які рыхтуюць да выпускнога. Адзін з хлопцаў пазней распавёў TUT.BY, што іх прывезлі ў РУУС, "завялі на задні двор і паставілі тварам да сцяны", хвілін праз 10 паклікалі ў будынак. На ўваходзе адна з супрацоўніц здзівілася: "Гэта ж малыя дзеці. Навошта вы іх прывялі?". У МУС ўвечары пракаментавалі гэтую сітуацыю, назваўшы яе "бурай у шклянцы вады". Па словах прэс-сакратара міністэрства ўнутраных спраў, падлеткі "каля райаддзелу прабылі ад сілы хвілін шэсць, і знаходзіліся яны там далёка не па стойцы "смірна". А як толькі міліцыянты разабраліся ў сітуацыі, у падлеткаў, па яе словах, папрасілі прабачэння і іх адпусцілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі