На прафесійную армію ў Беларусі не хапае грошай

Ваенкамат шукае магчымасці не браць людзей у армію. Бо армія маленькая, а прызыўнога кантынгенту ў Беларусі вельмі шмат, кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё вайсковы аналітык Аляксандр Алесін Давайце пагаворым пра беларускую армію. Ці патрэбна ўвогуле Беларусі армія? Вы не лічыце, што абавязковая служба — гэта непатрэбны савецкі рудымент? У савецкія часы мы былі вялізнай краінай і нам быў патрэбны кожны, хто хоць неяк быў прыдатны, каб зрабіць вялізную армію. А цяпер мы — маленькая краіна і рэальна ніякая армія не выратуе нас ад рэальнай пагрозы…

Алесін: Армія з’яўляецца абавязковым атрыбутам любой самастойнай дзяржавы. Шмат якія краіны, нават якім не пагражае ваенная пагроза, усё адно ў тым ці іншым выглядзе маюць армію. Можна па пальцах пералічыць дзяржавы, у якіх няма арміі, якія спадзяюцца толькі на суседзяў у выпадку чаго (Ісландыя, Коста-Рыка і г.д.). Нават у нейтральнай Швейцарыі ёсць вельмі сур'ёзная добрая армія.

Колькі чалавек агулам служыць у беларускай арміі?

Беларуская армія з’яўляецца спадкаемцам беларускай ваеннай акругі. Гэтая акруга была самай вялікай у Савецкім Саюзе. Тут змяшчалася 240 тысяч вайскоўцаў. І паводле колькасці салдат на аднаго жыхара Беларусі належыў рэкорд — не толькі ў Савецкім Саюзе, а можа нават у Еўропе і свеце. Тут таксама змяшчалася і ядзерная зброя, і вялікая колькасць танкаў.
Пасля набыцця незалежнасці паўстала пытанне, што з усім гэтым рабіць. Перш за ўсё, гэта было вялікае сацыяльнае пытанне — трэба было адаптаваць вайскоўцаў да мірнага жыцця. І тут трэба сказаць, што ваеннае кіраўніцтва Беларусі праводзіла цвярозую палітыку, яны нічога не бурылі, не ламалі і вельмі акуратна паступілі з арміяй.

Паводле дамовы, Беларусі дазвалялася мець 100 тысяч салдат. У нас на той час было ў 2,5 разы больш. Спачатку атрымалася скараціць армію да 80 тысяч чалавек. А цяпер у нас 65 тысяч чалавек. Цяпер беларуская армія — гэта вельмі невялікая армія. Магчыма, будуць яшчэ скарачэнні, ёсць такія прапановы.

Была скарочаная і вялікая колькасць узбраенняў. На момант атрымання незалежнасці на тэрыторыі Беларусі змяшчалася амаль 4 тысячы танкаў, больш за 4 тысячы бронемашын, 427 баявых самалётаў і 220 ударных верталётаў. Нам, як я ужо казаў, дазвалялася мець 100 тысяч салдат, 1800 танкаў, 2600 бронемашын, 1615 прыладаў, 260 самалётаў і 80 верталётаў. Гэтыя квоты нам калісьці дасталіся ў спадчыну ад Савецкага Саюза. І паводле колькасці танкаў, бронемашын і пушак на 1000 ваеннаслужачых, Беларусь сёння займае першае месца ў Еўропе. То бок, калі салдат у нас няшмат, то ўзбраенняў вельмі шмат.

Беларусь прадстаўляе даволі значную ваенную моц паводле маштабаў нашага рэгіёну. Варта таксама адзначыць, што ў нашага народу не было непрымання арміі, стаўлення як да акупантаў.

Ну, у нас, магчыма, варожага стаўлення няма. Але ўсё адно моладзь, асабліва з вышэйшай адукацыяй, не спяшаецца ісці служыць у армію, шмат хто хоча “адкасіць”…

Насамрэч у Беларусі прызываюць у армію ўсяго аднаго з васьмі, прыдатных па здароўі і разумовых здольнасцях. Таксама існуе маса адтэрміновак — на заканчэнне адукацыі, акрамя таго, калі чалавека нельга адлучыць ад працы, ёсць такі інстытут, як служба ў рэзерве, то бок, на працягу шэрагу год яго выклікаюць на зборы, ён набірае, так бы мовіць, гадзіны без адрыву ад працы, не губляючы кваліфікацыю. Акрамя гэтага, зараз існуе адтэрміноўка для маладых мужоў.

То бок, ваенкамат шукае зараз легальныя магчымасці не браць людзей у армію. Бо армія маленькая, а прызыўнога кантынгенту вельмі шмат. З аднаго боку, існуюць людзі, якія жадаюць “адкасіць”, але ёсць вялікая катэгорыя людзей, якія хочуць служыць у арміі.

І якія гэта матывы, у асноўным? Як тлумачыць моладзь сваё жаданне служыць?

Хтосьці, магчыма, з патрыятычных перакананняў, хтосьці з нейкага рамантызму — яму хочацца ў спецназ, памежныя войскі. Але шмат хто з прагматычных перакананняў, каб атрымаць у войску спецыяльнасць — шафёра, напрыклад, будаўніка, повара і г.д. Другое — для тых, хто служыць у арміі, існуюць пэўныя ільготы пры паступленні ў ВНУ, уладкаванні на працу ў сілавыя структуры, міліцыю, камітэт дзяржбяспекі, МНС.

А як шмат людзей усё ж такі паспяхова “адкошваюць”?

Я б не сказаў, што іх шмат. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, гэта 2000 чалавек, якія з тых ці іншых прычынаў не з’яўляюцца ў час у ваенкаматы, на прызыўныя пункты, не праходзяць медкамісію і г.д. У Расіі нам страшэнна зайздросцяць, таму што ў іх арміі камплектаваць няма чым.

Сёння краіны не ваююць паасобку, яны збіраюцца загадзя ў кааліцыі — НАТА, АДКБ… І ў гэтых групах ёсць праблемныя краіны. Мы ж — непраблемная краіна. Ці значыць гэта, што мы будзем абараняць чужыя інтарэсы ў канфліктах?

Сёння беларус разумее, што ён знаходзіцца на сваёй тэрыторыі, што ён служыць у сваёй арміі. І заканадаўства Беларусі забараняе пасылаць салдат тэрміновай службы ўдзельнічаць у ваенных канфліктах за межамі краіны. Магчымы толькі удзел у міратворчых аперацыях кантрактнікаў па іх дабравольнай заяве з дазволу прэзідэнта.

Як часта арміі трэба ваяваць, каб быць арміяй?

Міністр абароны Мальцаў кажа, што армія павінна сваім фактам існавання выконваць стрымальную функцыю. Калі вайна пачалася, значыць армія ўжо сваю функцыю не выканала. То бок, армія існуе дзеля таго, каб не было вайны. Гэта ідэя мне вельмі сімпатычная.

І, канечне, у дадзеным выпадку патрэбная не толькі армія, але і піяр вакол арміі. Яна можа быць не такой магутнай і моцнай, але абавязкова трэба піярыць, паказваць, што яна магутная, каб была асцярога…

Ці баіцца хто-небудзь нашай арміі?

Баіцца-не баіцца, але паважаюць дакладна. У нас дастаткова высокі ўзровень дысцыпліны. У нас, у параўнанні з расійскай арміяй, вялікі ўзровень вывучкі і фізічнай гатоўнасці. Ёсць магчымасць адбіраць прызыўнікоў фізічна больш моцных, а гэта прыводзіць да таго, што рэальна даваць большыя нагрузкі, падвысіць узровень іх падрыхтоўкі.

Я думаю, што паводле вывучкі, паводле падрыхтоўкі, нашая армія ў нашым субрэгіёне — адна з самых баяздольных і моцных.

Найбольш баяздольны элемент — гэта мабільныя войскі. Гэта сілы вельмі высокай гатоўнасці. У выпадку, калі хтосьці, не дай бог, нападзе, яны павінны манеўранымі баявымі дзеяннямі стрымліваць праціўніка і даць магчымасць развярнуць асноўную частку арміі.
Калі ўзяць ацэнкі прызыўнога кантынгенту, то бок, тых, хто прайшоў службу ў арміі, атрымаў ваенную спецыяльнасць, тых, хто служыў у савецкай арміі, але яшчэ не стары — 40-45 год, то Беларусь можа выставіць даволі салідны кантынгент, дзесьці 500 тысяч вайскоўцаў.

Акрамя гэтага, ёсць запасы не вельмі яшчэ старой баятэхнікі з савецкіх часоў. І плюс ёсць яшчэ адна частка, так званая “тэрытарыяльная абарона”, ёсць людзі больш сталага ўзросту, якія яшчэ цалкам могуць трымаць у руках зброю і якія могуць выконваць вартаўнічыя і ахоўныя функцыі на той тэрыторыі, дзе жывуць. З гэтага пункту гледжання, можна нават разглядаць, што Беларусь можа стаць адзіным ваенным лагерам.

Ваенная сістэма Беларусі нагадвае перадавыя ўзоры Заходняй Еўропы. Я думаю, што беларускае войска заслугоўвае павагі. Яно, канечне, не самае моцнае і магутнае, таму што не хапае перадавой тэхнікі, але з іншага боку — мы не горшыя, а можа нават і лепшыя за суседнія краіны.

Чым НАТАўскія арміі адрозніваюцца ад нашых?

Канечне, тэхнічнае забеспячэнне ў іх лепшае. Але па індывідуальнай падрыхтоўцы салдата мы ні ў чым не прайграем...

А што тычыцца менавіта структуры — мы адрозніваемся ад НАТАўскіх армій?

Паводле структуры мы прыкладна ўжо адпавядаем найбольш перадавым узорам. Гэта, у асноўным, вельмі гнуткія брыгады.

Яшчэ такое пытанне: усе НАТАўскія вучэнні — яны альбо гуманітарныя, альбо антытэрарыстычныя. А ў нас, у асноўным, ваенныя — то бок, мы абараняемся ад знешняга ворага. Пра што гэта кажа?

Гэта не зусім так. НАТА праводзіць розныя вучэнні, і ваенныя таксама. Але ў апошні час армія сутыкаецца з неабходнасцю весці рознага кшталту місіі, не звязаныя з прамымі ваеннымі дзеяннямі — міратворчыя, гуманітарныя, антытэрарыстычныя. Але гэта не значыць, што войска губляе свае асноўныя функцыі. Проста цяпер задачы арміі ўскладніліся.
І трэба сказаць, што Беларусь таксама спрабуе ўдзельнічаць у міратворчых місіях, напрыклад, у межах “партнёрства дзеля міру”.

То бок, Беларусь супрацоўнічае з НАТА, у нас ёсць міратворчая рота, якая пры дапамозе спецыялістаў НАТА і іншых краінаў рыхтуецца да вядзення міратворчых аперацый. Магчыма, трэба было б і больш супрацоўнічаць, але гэта, перш за ўсё, вялікія выдаткі.

Кожная краіна, якая ўдзельнічае ў міратворчых аперацыях, павінна сама рыхтаваць, забяспечваць свой міратворчы кантынгент. Такая ідэалогія НАТА. НАТА сваіх войскаў не мае, яно аперуе кантынгентам, які яму даюць краіны, што ўваходзяць у НАТА. Таму краіна, якая выдзяляе кантынгент, цалкам яго і ўтрымлівае. Таму дазволіць сабе такое могуць краіны з досыць спрыяльным эканамічным становішчам.

Вы закранулі тэму кошту арміі. Колькі грошай штогод выдаткоўваецца на беларускую армію?

НАТА рэкамендуе, каб краіны-удзельнікі трацілі на ваенныя выдаткі 2% ад унутранага валавога прадукта. Згодна з некаторымі адзнакамі, Беларусь траціць толькі 1,5%. Паводле маіх ацэнак, гэта прыкладна 800 мільёнаў долараў. У прынцыпе, гэта не шмат, але дазваляе ўтрымліваць асабовы склад, забяспечваць яго нармальную дзейнасць, весці вучэнні, мадэрнізаваць тэхніку.

Падобна на тое, што беларуская армія ледзьве не ідэальная… Ці ёсць у нас якія-небудзь праблемы?

Канечне, не ўсё так радасна ў беларускім войску. Асноўная праблема — старэнне тэхнічнай базы. Амаль уся ваенная інфраструктура — савецкіх часоў, з часам, канечне, тэхнічны стан пагаршаецца, неабходна яе падтрымліваць, а гэта вялікія грошы.

Недастаткова грошай, каб закупляць новую тэхніку. Сёння адзін баявы танк каштуе 2,5-3 мільёны долараў, самалёт — 30-50 мільёнаў долараў, а ваенная электроніка ўвогуле вельмі дарагая. Нашыя магчымасці па замене баявой тэхнікі савецкіх часоў даволі сціплыя. І з кожным годам будзе ўсё цяжэй утрымліваць гэтую тэхніку ў баяздольным стане.

Што вы думаеце пра альтэрнатыўную армію? Ці будзе ў нас калі-небудзь такое — не хачу служыць, іду даглядаць за хворымі…  Калі ёсць выбар — служыць у войску ці займацца грамадскімі справамі?

У прынцыпе, такія законапраекты прапаноўваліся…

І што перашкаджае іх прыняць?

Канечне, у нас ёсць людзі, якія б хацелі несці альтэрнатыўную службу. Але я думаю, што гэта тлумачыцца тым, што іх працэнт невялікі, голас іх не чуваць вельмі моцна… Напэўна, калі б іх колькасць была большая, калі б яны былі больш арганізаваныя, калі б яны выступалі ў СМІ, то, напэўна, улады вымушаныя былі б вырашаць гэтае пытанне.

Калі будзе такі ціск з боку грамадскасці, я думаю, паскорыцца разгляданне гэтых законапраектаў. Мне падаецца, заканадаўца проста не асэнсоўвае, што гэта трэба рабіць, што гэта наспела.

А што тычыцца службы на камерцыйнай аснове?

Перш за ўсё, гэта, канечне, павінна быць дастаткова заможная краіна, каб забяспечыць сваім вайскоўцам узровень жыцця. Гэта досыць вялікія грошы. У Беларусі была такая ўстаноўка — каб пераходзіць да змяшанай арміі, але гэты працэс запаволіўся з-за таго, што нашыя фінансавыя магчымасці невялікія.

Насамрэч гэта вельмі складана і патрабуе пільнага прадумвання. Само грамадства павінна саспець да гэтага. А вось проста так аб’явіць, што заўтра мы будзем прафесійнай арміяй, — так нельга. Мы для гэтага бедныя.

Ці развіваецца ў вайскоўцаў комплекс непаўнавартаснасці — маўляў, на іх выдаткоўваюць грошы, а яны толкам незразумела чым займаюцца. Вайны няма, яны нічога не вырабляюць, жывуць за кошт падаткаплацельшчыкаў…

Я думаю, што такога няма. І быць не павінна. У грамадстве ўсё ж такі павінна выхоўвацца нармальнае стаўленне да арміі, што гэта патрэбная справа, што гэта служба ганаровая. Каб армія не ўтварылася ў разбуральны элемент, каб яна не разбэшчвала грамадства, як тое ёсць сёння ў Расіі.


Фота: www.nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі