На некаторых факультэтах цэны за навучанне падскочылі амаль на мільён

Толькі за апошні год кошты за навучанне ў БДУ падвышаліся 4 разы. Па словах вядучага спецыяліста аддзела арганізацыі платнай адукацыі універсітэта Вікторыі Міхнюк, самы вялікі скачок цэнаў адбыўся на факультэце журналістыкі, біялагічным і геаграфічным факультэтах. Гаворыць Вікторыя Міхнюк:

“У групе біялагічны факультэт і геаграфічны ў параўнанні з мінулым годам самае высокае падаражэнне. На 968 500 рублёў. Сёлета падаражэнне было ў сувязі са зменай тарыфнай стаўкі першага разраду. І звязана са зменамі ў заканадаўстве аб усталяванні штомесячных даплат за вучоныя ступені і званні. Велічэзнае падаражэнне”.

Па словах спадарыні Міхнюк, Міністэрства адукацыі 4 разы за год дасылала ва ўніверсітэт загады аб павелічэнні выплат. Таму ўстанова і вымушаная была павялічваць кошты за навучанне, каб былі грошы на выплаты. Вядома, знайсці такую суму могуць не ўсе. Таму аплату зрабіць можна паступова. Гаворыць Вікторыя Міхнюк:

“Першы курс, які залічваецца, плаціць тры разы на год. Першая аплата складае 50%. Наступныя – 20% і 30%. А для наступных курсаў аплата разбіваецца на 4 этапы, гэта значыць, 30%, 20%, 20% і 30%. То бок, як было да гэтага, так і застаецца”.

Акрамя таго, за навучанне можна заплаціць, узяўшы крэдыт на 5 год. Аб гэтым Еўрарадыё расказалі ў “Белінвестбанку”:

“Гэта можа быць спажывецкі крэдыт без указання мэтаў, для чаго патрэбныя грошы. Ён даецца на тэрмін да 5 год. Для выдачы крэдыту неабходныя будуць два паручыцелі”.

У Інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва цэны за навучанне значна ніжэйшыя, чым у БДУ – усяго каля 1.900.000. Цэны на такім узроўні там трымаюць загады ўраду, гаворыць бухгалтар інстытуту Віктар Скурат:

“У нас раздзялення па факультэтах – дзе больш, дзе менш – няма. Таму што ўсюды аднолькава вучаць людзей. І ў нас аплата за навучанне ідзе ў залежнасці ад выдаткаў, якія мы нясем. Калі мы і падвышаем, то толькі на падставе рашэнняў ураду. Кожны год урад выдае пастанову, каб дазволіць, да прыкладу, у сувязі з інфляцыяй павышаць кошт тавараў і паслугаў на пэўны працэнт. Напрыклад, мы летась павысілі на 0,5% у месяц”.

Прывядзем некалькі прыкладаў коштаў на навучанне ў некаторых беларускіх ВНУ. Так, у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце самы дарагі факультэт – інфармацыйных тэхналогіяў і робататэхнікі. Там на некаторых спецыяльнасцях вам давядзецца заплаціць 3 мільёны 100 тысяч рублёў.

На факультэце радыёфізікі і электронікі, хімфаку, механіка-матэматычным і фізічным факультэтах БДУ летась трэба было плаціць 2.366.100 рублёў, сёлета — 2.984.900. Навучанне на біялагічным і геаграфічным факультэтах, а таксама на гістфаку і журфаку летась каштавала 2.523.700 рублёў, сёлета — 3.492.200. Юрыдычны і факультэт міжнародных адносінаў — адны з самых папулярных у БДУ. За год цана там вырасла з 3.362.400 рублёў да 4.116.600.

Усе рэкорды б’е Беларускі дзяржаўны медыцынскі універсітэт. Так, на лячэбным, педыятрычным і медыка-прафілактычным факультэтах кошты на навучанне большыя за 4 мільёны рублёў. Яшчэ больш каштуе навучанне на стаматалагічным факультэце – 5 мільёнаў 700 тысяч у год.



Фота moltat.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі