На мітынгу ў Кішынёве ў паветра выпусцілі шарыкі з выявамі кіраўнікоў краіны

На мітынгу ў Кішынёве ў паветра выпусцілі шарыкі з выявамі кіраўнікоў краіны

Масавы мітынг пратэсту ў Кішынёве завяршыўся без інцыдэнтаў. Як перадае "Інтэрфакс", удзельнікі акцыі запусцілі ў неба шарыкі з патрэтамі кіраўнікоў Малдовы.

Старшыня "Нашай партыі" Рэната Вусаты зазначыў, што да ўлады трэба ставіцца з гумарам: "Сёння мы робім гэты сімвалічны жэст — пускаем у неба шары з выявамі малдаўскіх кіраўнікоў, алігархаў, якія смокчуць кроў народа. Такім жэстам мы пачнем развітанне з імі".

Таксама ён заклікаў усіх, хто прыехаў на аўтамабілях у Кішынёў, арганізаваць увечары аўтапрабег да загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта Мікалая Цімофці. Рэзідэнцыя знаходзіцца за 30 км ад сталіцы, у сяле Кондрыца.

У нядзельнай акцыі ў Кішынёве прынялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек. Удзельнікі кажуць, што яшчэ каля 15 тысяч не даехалі да Кішынёва, бо каля 250 аўтобусаў не прапусціла паліцыя.

Акцыю зладзілі левыя арганізацыі Малдовы — Партыя сацыялістаў дэпутата Ігара Дадона і "Наша партыя", якой кіруе мэр Бельцаў Рэната Вусаты. Лідары дзвюх партый падкрэслілі, што будуць дамагацца змены Канстытуцыі, каб вярнуць працэдуру абрання прэзідэнта ўсенародным галасаваннем, а не ў парламенце. Пратэстоўцы таксама патрабавалі, каб не пазней за вясну 2016 года адбыліся датэрміновыя парламенцкія выбары.

Фота: kp.md

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі