Вы тут

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі вайсковы груз з Расіі (фота)

Мытная служба Літвы

Літоўская мытня на мяжы з Беларуссю затрымала кіроўцу, які перавозіў транзітам вайсковы груз з Расіі, інфармуе TUT.by са спасылкай на літоўскае агенцтва BNS.

Здарэнне адбылося на мінулым тыдні на кантрольна-прапускным пункце "Лаварышкес" (з беларускага боку "Катлоўка").

Кіроўца, які перавозіў груз, распавёў, што атрымаў яго ў маскоўскім аэрапорце "Дамадзедава". Мужчына паказаў неабходныя дакументы на боепрыпасы. Атрымальнікам грузу была пазначаная кампанія, якая базуецца ў Перу. 

Кіроўца сам паказаў літоўскім памежнікам скрыню, але ўскрываць яе адмовіўся, каб не парушыць герметычнасць упакоўкі. Агляд з дапамогай рэнтгену пацвердзіў, што ў скрыні былі боепрыпасы, як і пазначана ў дакументах.

Мытная служба Літвы

Паведамляецца, што мужчына перавозіў пірапатроны, якія выкарыстоўваюцца ў баявых верталётах Мі-8 і Мі-24, а таксама самалётах ВПС Расіі. Кошт аднаго боепрыпаса складае 75,9 еўра, а ўсёй партыі — 7590 еўра.

Спецыялісты з Узброеных сіл Літвы паведамілі, што груз з'яўляецца вайсковым, а не грамадзянскім. Для перавозу такіх катэгорыяў грузаў праз Літву патрабуецца адмысловая ліцэнзія, якой у кіроўцы не было. Мытнікі затрымалі груз.

Дарэчы, сёлета ў траўні здарыўся падобны інцыдэнт. Праз Беларусь і Расію ў Літву з Кітая спрабавалі завезці кампаненты сістэмы запуску ракет M20 Missile Weapon System Model.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.