На “Еўрабачанне” ад Беларусі хочуць паехаць 113 выканаўцаў з 16 краін

На “Еўрабачанне” ад Беларусі хочуць паехаць 113 выканаўцаў з 16 краін

113 артыстаў заявілі пра свой намер удзельнічаць у “Еўрабачанні-2019” ад Беларусі. Рэкордную колькасць заявак Белтэлерадыёкампанія атрымала ўсяго за дзесяць дзён. Цікава, што сярод удзельнікаў адбору — замежнікі, прычым, нават з далёкіх Іспаніі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, Румыніі, ЗША, Канады, Швецыі. Да таго ж, некаторыя з канкурсантаў — вядомыя выканаўцы ў сваіх краінах і колішнія рэзідэнты “Еўрабачання”.

Заяўка брытанскага дуэта DAZ SAMPSON & NONA выклікала рэзананс у брытанскіх СМІ і сярод еўрафэнаў, паведамляе сайт eurofest.by. У сеціве пішуць, што трэк дуэта “Kinky Boots” жахлівы, але западае ў мозг і ад яго немагчыма пазбавіцца. Daz Sampson выступаў на “Еўрабачанні” у 2006 годзе, а Nona таксама спявае ў гурце Uniting Nations. Трэкі абоіх выканаўцаў мільгаюць у брытанскіх чартах.

Сярод прэтэндэнтаў на тое, каб прадставіць Беларусь на галоўным песенным конкурсе Еўропы — шведскі рокер Себасцьян Роас. Для адбору ён падрыхтаваў рамантычны трэк “Never Getting Close”. Музыка спрабаваў прабіцца на “Еўрабачанне” ад Швецыі ў 2003 годзе з гуртом Liverpool — каманда з’яўляецца самым вядомым бітлз-трыб’ют гуртом у Паўночнай Еўропе.

Паспрабаваць шчасця ў Беларусі сёлета вырашыў і румынскі спявак Міхай Трэйстарыў (Mihai Traistariu). У 2006 годзе ён паспяхова прадставіў Румынію на “Еўрабачанні”, заняўшы 4-е месца. У беларускі адбор спявак падаўся пасля таго, як адмовіўся ўдзельнічаць у румынскім, маўляў, з-за неаб’ектыўных вынікаў. Песня, якую ён збіраецца паказаць у Мінску — тыповы еўрадэнс часоў папулярнасці Рыкі Марціна і Таркана.

Адным з першых замежных артыстаў, якія даслалі заўякі на ўдзел у беларускім нацыянальным адборы, стала Мэрая Грэгары, яна ж Марынэ Грыгаран — грамадзянка Расіі з армянскімі каранямі, якая жыве ў ЗША, пры гэтым выкладае ў школе вакалу Сяргея Пенкіна ў Маскве. Спачатку Марынэ апублікавала песню на Youtube і паведаміла, што ідзе з ёй на “Еўрабачанне”, праўда, невядома, ад якой краіны. Пачуўшы пра адкрыты беларускі адбор стварыла ролік, на якім прыфаташопіла сябе да Аляксанлра Лукашэнкі. У сеціве спявачка сцвярджае, што менавіта яна прадставіць нашу краіну на сёлетнім конкурсе.

Сярод беларускіх удзельнікаў сёлета мы не ўбачым большасць звыклых фіналістаў нацыянальных адбораў. Аднак самыя стойкія ўсё ж выйдуць на сцэну “600 метраў” 4 лютага: гэта Napoli (Вольга Шыманская ідзе на праслухоўванне шосты раз, і кажа, што будзе прыходзіць, пакуль не выйграе), Alen Hit, Анжаліка Пушнова, Michael Soul (адзін з андрагінаў з дуэта EM, фіналіста адбору ў 2016 годзе), Дыяна Громава, гурты  PROвокация і Aura. Падала заяўку і 16-гадовая гадаванка Віктара Дробыша Зена.

Падчас праслухоўвання адмысловая фокус група абярэ дзесяць фіналістаў. Дату фіналу агучаць адразу 4 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі