На Дзень Волі знакамітую мінскую “Чабурэчную” зачыняць на спецабслугоўванне

25 сакавіка знакамітая мінская “Чабурэчная”, што знаходзіцца на вуліцы Валадарскага, 9 у Мінску, закрыецца на спецабслугоўванне.

“У нас ужо ўсё замоўлена, па безнаяўным разліку пераведзеныя грошы, таму замовіць столікі не атрымаецца”, — кажа супрацоўніца “Чабурэчнай”.

Нагадаем, 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Трэцюю ўстаўную грамату БНР падпісвалі акурат у будынку, у якім цяпер знаходзіцца “Чабурэчная”. Традыцыйна, вечарам гэтага дня ў кавярні збіраюцца ўсе ахвочыя, каб адзначыць утварэнне БНР.

Ці будзе дазволенае сёлетняе шэсце, прысвечанае Дню Волі, так і не вядома. Мінгарвыканкам, які паводле закона мусіў даць адказ заяўнікам акцыі не пазней як за 5 дзён да дня яе правядзення, дагэтуль адкладвае прыняцце рашэння.