На дырэктарку дзіцячага хоспіса ў Гродне завялі яшчэ адну крымінальную справу

Вольга Вялічка / Фота з сацсетак
Вольга Вялічка / Фота з сацсетак

На дырэктарку дабрачыннай арганізацыі "Гродзенскі дзіцячы хоспіс" Вольгу Вялічку завялі чарговую крымінальную справу. Гэтым разам — па артыкуле 193-1 КК РБ "Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці". Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Генеральнай пракуратуры.

Там нагадалі, што хоспіс ліквідавалі яшчэ ў 2021 годзе. Але і пасля ліквідацыі хоспіса яго кіраўніца працягнула дзейнасць арганізацыі.

"Як паказаў аналіз, з верасня 2021 года па красавік 2022 года па рахунку праведзеныя каля 50 аперацый у памеры не менш за 160 тыс. рублёў", — падлічылі ў пракуратуры. Кіраўніца ажыццяўляла ўсе дзеянні дыстанцыйна.

"Пры гэтым творчасць падапечных хоспіса, якія пакутуюць на цяжкія захворванні, выкарыстоўвалася для маральнай падтрымкі асобаў, асуджаных за здзяйсненне наўмысных злачынстваў", — асобна падкрэслілі ў прэс-службе ведамства.

Нагадаем, на Вольгу Вялічку ўжо завялі дзве крымінальныя справы. Яна з'яўляецца фігуранткай справы аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (гаворка пра падазрэнні ў незаконным выкарыстанні спонсарскай дапамогі). Абедзве справы былі заведзеныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га года і пасля таго, як Вольга Вялічка публічна выступіла супраць гвалту сілавікоў. За ўдзел у адным з масавых мерапрыемстваў у кастрычніку 2020 года яе затрымалі. Пазней Вялічцы давялося з'ехаць з краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі