На час Be Free у Чарнігаве ўвялі беларускія грошы

У першы дзень фестываль наведалі 15 тысяч гледачоў! А гасцям з Беларусі дазволілі карыстацца сваімі грашыма. (Фотарэпартаж)
У суботу 22-га жніўня ва ўкраінскім Чарнігаве адгрымеў першы дзень міжнароднага рок-фэсту Be Free. Паводле словаў музыкаў і гледачоў, прагрэс фэсту праяўляецца ва ўсім: пачынаючы з арганізацыйных момантаў і заканчваючы выбарам фестывальнай пляцоўкі. Больш за тое, можна казаць і пра спраўджванне мараў і прагнозаў арганізатараў -- каля 15-ці тысяч гледачоў наведала імпрэзу ў першы дзень. Як заўсёды адкрываўся фэст рознымі людзьмі, датычнымі да арганізацыі. Гучалі словы пра дыслакацыю вандроўнага Be Free тут, на маляўнічым беразе Дзясны. А потым пачаўся раскаўбас!


Першымі на сцэну выйшлі і нават выехалі на крэсле чарнігаўскі гурт Pipl Plant -- такі ўкраінскі Muse. Вакаліст гурта напярэдадні фэста зламаў ажно две нагі, таму калегі вырашылі падтрымаць сябра, пераўтварыўшыся ў нешта падобнае да мумій...


Гамельчане, што хутка стануць мінчанамі, гурт Re1ikt застаўся задаволены сваім сэтам. Хлопцы зайгралі песні са свайго новага альбома, і выглядалі смелымі і прыстойнымі прадстаўнікамі гомельскай металічнай сцэны.



Бярозаўскі гурт B:N зрабіў дзірку ў фестывальнай праграме, спазніўшыся на свой выступ на поўгадзіны(аказалася, што хлопцы доўга стаялі на мяжы), аднак чарговы раз даказаў, што рок-н-рол жыве!.. Еўрарадыё запыталася ў музыкаў, што б яны рабілі ў тым выпадку, калі б у адзін і той жа час праходзілі фэсты Басовішча і Be Free, і гуртам прапанавалі ўдзел у абодвух фэстах з аднолькавым ганарарам... Алесь Лютыч выкруціўся: "Мы б дамовіліся так, каб граць у адзін дзень на Басах, у другі -- на Be Free!" і паабяцаў выдаць новы альбом B:N яшчэ да заканчэння крызісу.



Гурт Zatoczka з Магілёва разбавіў халодны гітарны саўнд фэста радаснымі духавымі. Калі б не занудныя кампазіцыі баладнага тыпу, іх выступ падаўся б зусім добрым. Дарэчы, хлопцы рэпетуюць чатыры разы на тыдзень і рухаюцца ў бок звяршэнняў. Наконт жа нашага пытання пра выбар выступу на Басовішчы ці Be Free у выпадку супадзення ў часе, хлопцы спыніліся б на Be Free -- надта спадабалася ім сёлетняя арганізацыя мерапрыемства.




Увогуле арганізатары пераўзышлі ўсе чаканіі і знайшлі папросту ідэальнае месца для рок-фэсту: бераг Дзясны, агромістае поле, дрэвы, кропкі харчавання, на якіх можна было паесці за беларускія грошы... Не хапала толькі ліхтароў -- пасля заканчэня канцэртаў святло са сцэны знікала, і на полі рабілася цёмна...

Ля намёту чарнігаўскага праваабарончага цэнтра можна было атрымаць буклеты карысных парад і зрабіць татушку ў выглядзе сцяга альбо нешта кшталту "я люблю тебя, Витя!"



Варта адзначыць, што агульнаму пазітыўнаму ўраджанню ад фэста спрыяла і надвор'е: спёка паліла насы прысутным, а ўвечары, нягледзячы на блізкасць ракі, камары не краналі фэнаў фэста.


З кожным гуртом гледачоў прыбывала. Некаторыя прыехалі паслухаць нейкі канкрэтны гурт. Вядомы Інтэрнет-блогер Slaver, напрыклад, прама з Сігету прыехаў на Be Free каб паслухаць мінулагодніх "біфрышных" выступоўцаў французскі гурт Vladivostok. Увогуле Slaver -- чалавек, які ўвогуле не прапускае фестывалі, адзначае прагрэсіўныя рухі Be Free, аднак лічыць некалькі суб'ектыўным сёлетні фестывальны сэт-ліст і выказвае пажаданне большай стылістычнай рознапланавасці яго ўдзельнікаў.



Гурт Partyzone, здаецца, грае толькі на на фэсце Be Free (то бок раз у год)

Чарнігаўскі гурт Scrudg дадаў моцных пост-гранджавых рыфаў і добрага вакалу фестывалю





Pomidor//OFF паўстаў перад публікай, як заўсёды, некалькі абноўленым і моцным складам. Фестывальныя панкі зрабілі аграмаднае воблака пылу, адрываючыся пад песні спадара Аляксандра



Гурт Znich шаманіў і клікаў паганскіх багоў



Французы Vladivostok... Публіка, не разумеючы французскай мовы, цалкам праніклася французскім адрыўным духам. У "Ляпісаў" быў прастойны падагрэў!



Агратурысты і нонканфармісты, акрабаты і жанглёры -- гурт "Ляпіс Тубяцкой" сабраў у рэшце рэшт 15 тысяч гледачоў, заспяваў некалькі песень з новага альбома "Культпросвет", паказаў сваё мега-шоў з танцамі і скачкамі. Таксама гуртом быў перавышаны рэгламент выступу, чаму былі радыя і публіка, і самі музыкі. Толькі вось напрыканцы канцэрта музыкаў чакаў непрыемны сюпрыз -- прапала сумка з дакументамі тэхніка і гітарыста...



Тым не менш, фэст Be Free руліць! Чакаем новага дня!!!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі