Вы тут

На БелАЭС зноў уключылі першы энергаблок

Беларуская атамная станцыя ў Астраўцы / Еўрарадыё​

Амаль праз два з паловай тыдні пасля чарговага прыпынення першы энергаблок Беларускай АЭС зноў падключаны да энергасістэмы. Калі блок адключалі, Мінэнерга паведамляла, што адключэнне планавае — "праводзіцца тэставанне ўсіх сістэм і абсталявання, якое працягнецца да 11 снежня". У выніку толькі ўчора ў Міністэрстве змаглі паведаміць, што "21 снежня ў 19:48 турбагенератар першага энергаблока зноў падключаны да энергасістэмы з наступным наборам магутнасці да 500 МВт".

Пры гэтым у Мінэнерга падкрэслілі, што "этап энергетычнага пуску першага энергаблока БелАЭС завершаны", выкананыя ўсе прадугледжаныя тэхнічныя мерапрыемствы і выпрабаванні. Цяпер на станцыі чакаюць дазволу Дзяржатамнагляду, каб пачаць доследна-прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока.

Пасля паспяховага завяршэння гэтага этапу яшчэ будзе праведзенае комплекснае апрабаванне энергаблока на працягу 15 сутак на намінальнай магутнасці. І толькі потым можа адбыцца здача аб'екта ў эксплуатацыю.

Запуск першага энергаблока Беларускай АЭС некалькі разоў адкладаўся. У выніку яго ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі запусцілі 7 лістапада, але неўзабаве зламаліся трансфарматары напружання, і блок давялося адключыць ад сеткі. Зноў у энергасетку яго ўключылі 19 лістапада, а 3 снежня зноў выключылі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.