На Алімпіяду ў Пекін атрымалі пуцёўкі ўжо 149 беларускіх спартсменаў

У брытанскім Манчэстэры завяршыўся чэмпіянат свету па велатрэку. Васіль Кірыенка дзякуючы перамозе ў гонцы на 40 кіламетраў атрымаў чарговы пропуск у Пекін. Наталля Цылінская, нягледзячы на падзенне і сур'ёзную траўму ў чвэрцьфінале жаночага спрынту, таксама павінна атрымаць допуск на Алімпіяду дзякуючы высокім пазіцыям у сусветным рэйтынгу.

На гэты момант кваліфікацыйныя нарматывы для ўдзелу ў Алімпіядзе-2008 выканалі 149 беларускіх спартоўцаў у 18 відах спорту. У лёгкай атлетыцы заваявана 60 ліцэнзій, плаванні — 15, цяжкай атлетыцы — 10, кулявой стральбе і акадэмічным веславанні — па 9, мастацкай гімнастыцы — 8, спартовай гімнастыцы — 7, веславанні на байдарках і каноэ — 6, парусным спорце і скачках у ваду — па 4, веласпорце, боксе, фехтаванні — па 3, вольнай і грэка-рымскай барацьбе, скачках на батуце — па 2, настольным тэнісе і веласпорце на трэку — 1.

БЕЛТА