На акцыі памяці ахвяраў смаленскай катастрофы затрымалі Ніну Багінскую

Як стала вядома Еўрарадыё, 10 кастрычніка каля 15 актывістаў а 15 гадзіне сабраліся ля польскага консульства з кветкамі, свечкамі ды з партрэтамі Леха Качыньскага, яго жонкі Марыі Качыньскай, вядомых польскіх палітыкаў, што загінулі ў авіякатастрофе 10 красавіка 2010 года. Па словах аднаго з удзельнікаў акцыі, Алеся Макаева, міліцыянер, што дзяжурыць ля консульства, адразу пачаў высвятляць у актывістаў, ці санкцыянаваная акцыя сталічнымі ўладамі.

Макаеў: “Спадар консул параіў нам прыйсці на імшу ў Чырвоным касцёле а 17 гадзіне. Так і зрабілі. Актывісты руху салідарнасці “Разам” і грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”  прыехалі да Чырвонага касцёла, усклалі кветкі, запалілі лампадкі і пакінулі інфармацыйны плакат, што беларусы сумуюць разам з палякамі з нагоды трагедыі”.

Па словах Макаева, калі амбасада Польшчы знаходзілася ў асобным будынку ля Плошчы Перамогі, яны да яе спакойна прыходзілі і праводзілі такія акцыі памяці — дазволу ўладаў на гэта браць не трэба было. Але зараз амбасада месціцца на 8-м паверсе аднаго са сталічных бізнес-цэнтраў і праводзіць там акцыю ўшанавання памяці немагчыма. Таму актывісты і вырашылі прыйсці да консульства. Спадзяючыся, што браць у гарадскіх уладаў дазволу на укладанне кветак і запальванне лампад ушанавання памяці ля консульства замежнай краіны не трэба.

“Але як атрымалася, так атрымалася — мы разумеем, у якой краіне жывём і не маем ніякай крыўды ні на каго”, — кажа Алесь Макаеў.

Па інфармацыі Еўрарадыё, пасля таго, як актывісты ўсклалі кветкі і запалілі  лампадкі ля Чырвонага касцёла, Ніна Багінская разгарнула бел-чырвона-белы сцяг. Але ўжо праз некалькі хвілін была затрыманая міліцыянерамі.

Нагадаю, 10 красавіка 2010 года падчас пасадкі на аэрадром “Смаленск-Паўночны” патрапіў у катастрофу прэзідэнцкі самалёт Ту-154М. У Авіякатастрофе загінулі 88 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу. У тым ліку — прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, шэраг палітыкаў, амаль усё вышэйшае ваеннае камандаванне, грамадскія і рэлігійныя дзеячы.

На здымку Ніна Багінская. Ілюстратыўнае фота з сайта nv-online.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі