МЗС Украіны прапанавала прэзідэнту разарваць дыпламатычныя адносіны з Расіяй

МЗС Украіны прапанавала прэзідэнту разарваць дыпламатычныя адносіны з Расіяй

МЗС Украіны прапанавала Уладзімру Зяленскаму разгледзець магчымасць разрыву дыпламатычных адносінаў з Расіяй. Пра гэта ён паведаміў на брыфінгу 22 лютага пасля сустрэчы з прэзідэнтам Эстоніі Аларам Карысам.

"Да мяне прыйшоў запыт ад МЗС, каб я разгледзеў пытанне разрыву дыпламатычных адносінаў паміж Украінай і Расіяй. Я пасля прэс-канферэнцыі буду разглядаць гэтае пытанне і прапрацоўваць яго", — перадае hromadske.ua словы ўкраінскага прэзідэнта.

Ён адзначыў, што прызнанне Расіяй так званых "Л/ДНР" стварае юрыдычную аснову для далейшай ўзброенай агрэсіі. 

У чарговы раз Зяленскі падкрэсліў, што Украіна гатовая весці перамовы на любой пляцоўцы, і заклікаў Расію вырашаць пытанні праз перамовы.

Ваеннае становішча ва Украіне, па словах Зяленскага, увядуць толькі пры поўнамаштабнай расійскай ваеннай агрэсіі.

Пракаментаваў ён і патрабаванне кіраўнікоў так званых "Л/ДНР", каб Украіна адвяла войскі ад акупаваных тэрыторый. "Украіна з імі не мае зносінаў, мы не разумеем, хто гэта", — заявіў Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі