МЗС Беларусі прыгразіў адказаць ЕС сваімі санкцыямі — у бліжэйшыя тыдні

МЗС Беларусі прыгразіў адказаць ЕС сваімі санкцыямі — у бліжэйшыя тыдні

МЗС Беларусі выступіла з заявай наконт сектаральных санкцыяў, якія Еўрасаюз прыняў 24 чэрвеня.

Пачатак заявы вытрыманы ў найлепшым стылі заяваў "ад савецкага Інфармбюро":

"Пасля вераломнай сумеснай атакі 22 чэрвеня 2021 г. з боку восі ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Канады на беларусаў, на працоўныя калектывы нашых прадпрыемстваў, бізнесоўцаў, журналістаў, а таксама дэпутатаў толькі за тое, што яны выказваюць уласнае меркаванне, было цалкам зразумела, што будзе зроблена новая марная спроба паступова душыць нашых грамадзян", — гаворыцца ў заяве.

Між тым, як вядома, персанальныя санкцыі ЕС былі прынятыя 21 чэрвеня. Аднак у МЗС, верагодна, вырашылі падтасаваць дату, каб прывязаць да нападу гітлераўцаў на СССР.

У заяве МЗС сцвярджаецца, што заходнія краіны нават не шукаюць міжнародна-прававых падставаў для ўвядзення санкцыяў. У іх, маўляў, ёсць мэта падарваць суверэнную дзяржаву, "якая праводзіць самастойную знешнюю і ўнутраную палітыку на аснове рэальных інтарэсаў беларускага народа". 

МЗС спасылаецца на лісты супраць санкцыяў, якія падпісвалі ў Беларусі з ініцыятывы афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў: "Еўрапейскі Саюз зусім не цікавіць меркаванне мільёнаў беларускіх працоўных, работнікаў прафсаюзаў, палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія выказалі сваё дакладнае і адназначнае непрыманне адыёзнай санкцыйнай палітыкі ЕС".

Пры гэтым чамусьці ні словам не згадваецца, што беларускую ўладу ніколькі не цікавіць мільёнаў грамадзян, якія выказаліся за палітычныя перамены ў краіне і супраць гвалту з боку сілавікоў.

"Беларусь не збіраецца моўчкі за гэтым назіраць. У бліжэйшыя тыдні паступова будуць запушчаны ў дзеянне меры ў адказ, аб якіх мы неаднаразова заяўлялі", — абвяшчае МЗС.

Заканчваецца заява прапановай дыялогу і супрацы: "Пры гэтым мы застаемся адкрытымі для раўнапраўнага дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з тымі, хто бачыць у Беларусі партнёра, а не аб'ект для геапалітычных дамаганняў і эксперыментаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі