МЗС Беларусі назваў міжнародную канцэпцыю правоў чалавека ўтопіяй

У міжнародных адносінах трэба адмовіцца ад канцэпцыі правоў чалавека, бо кожная дзяржава мае права трактаваць гэтыя правы па-свойму. З такой заявай выступіў намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч на пленарным пасяджэнні Пекінскага форуму па правах чалавека.

"На жаль, у сучасных міжнародных адносінах тэма правоў чалавека служыць асновай для эканамічных санкцый і нават гібрыдных войнаў. Міжнароднае вымярэнне канцэпцыі правоў чалавека не толькі не спрыяе глабальнаму дасягненню Мэтаў устойлівага развіцця, але і, наадварот, рэальна тармозіць яго.

Адпаведна, прапануецца ў далейшым весці гаворку пра дэсакралізацыю канцэпцыі правоў чалавека ў міжнародных адносінах як утопіі, якая не паддаецца рэалізацыі на практыцы", — заявіў беларускі дыпламат.

Па яго словах, заходнія краіны навязваюць усяму свету свае погляды. 

"Прэтэнзіі так званых ліберальных дэмакратый, а таксама праплачаных імі міжнародных структур на манаполію ацэнак наконт дзеянняў канкрэтных дзяржаў у сферы правоў чалавека не абгрунтаваныя, а іх ацэнкі — суб'ектыўныя", — паведаміў Амбразевіч.

Дарэчы, у чэрвені спецдакладчыца ААН Анаіс Марын агучыла на сесіі Савета па правах чалавека даклад па сітуацыі ў Беларусі. Яна згадала працяглае задушэнні палітычнага іншадумства, абмежаванне свабоды меркаванняў і выказвання ў краіне, а таксама рост колькасці выпадкаў адвольнага затрымання і ўтрымання пад вартай па палітычных матывах. Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца з лета 2020 года, хаця многія ўдзельнікі пратэстаў і былі вымушаныя пакінуць краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.