Мытня дасць час, каб данесці дакументы, якіх не хапае

Але за гэта будзе браць 1 еўра за суткі.
З 5 жніўня за захаванне затрыманых тавараў на мытні прыйдзецца плаціць 1 еўра за тавар уласнага карыстання за кожныя суткі. Гаворка ідзе пра тыя тавары, якія былі забраныя мытняй і захоўваюцца на спецыяльных складах. Ці існуе магчымасць вярнуць свае рэчы яшчэ да пачатку суда? Па каментар Еўрарадыё звярнулася да начальніка брэсцкай мытні Уладзіміра Руцкага.

Уладзімір Руцкі: "Фізічныя асобы ўвозяць свае тавары не для камерцыйных мэтаў. Калі па якіх-небудзь прычынах у яго няма дакументаў, тады тавар будзе затрыманы, і ён будзе плаціць. Па фізічных асобах у нас увогуле не ўзнікае праблем.

Яны ведаюць, што для таго, каб завесці прадукты харчавання, неабходны дазвол ветэрынарнага кантролю. Ён на мяжы паказвае свой тавар веткантролю — і ўсё. Супрацоўнік веткантролю знаходзіцца ў пункце пропуску, таму неабходна некалькі хвілін, каб атрымаць дазвол".

Які тавар без праблем можна перавезці, і ў якім выпадку яго можна лічыць уласным?

Уладзімір Руцкі: "Для фізічных асоб існуюць правілы: яны маюць права ўвезці тавар без падачы якіх-небудзь дакументаў вагой да 50 кг і вартасці да 1000 долараў. На такі тавар не патрэбен ніякі сертыфікат."

Але для юрыдычнай асобы зусім іншая працэдура.

Уладзімір Руцкі: "У такой сітуацыі ёсць 3 гадзіны для таго, каб падаць дакументы на размяшчэнне тавара пад пэўны мытны рэжым. Калі ў вас няма якіх-небудзь дакументаў, вы маеце права заявіць працэдуру часовага захоўвання, і тады плаціць нятрэба. На працягу 2 месяцаў шукайце ўсе неабходныя дакументы".

Як адзначыла старшы інспектар аддзела бухгалтарскага ўліку і кантролю брэсцкай мытні Таццяна Івашчанка Еўрапейскаму радыё, забраны тавар яшчэ не значыцца канфіскаваным, яго статус мае права вызначыць толькі суд. Яшчэ адзін момант – скораспелыя прадукты.

Таццяна Івашчанка: "Не чакаюць рашэння суда. Яны напраўляюцца ў камісію па ўліку маёмасці да таго часу, пакуль не будзе пастановы суда аб тым, што яны забіраюцца ў карысць дзяржавы. Самі разумееце: іх неабходна забяспечыць аптымальнай тэмпературай, таму чакаць суда немэтазгодна. Таму ўсё, што датычыцца скораспелых прадуктаў, – яны канфіскуюцца адразу. У тым выпадку, калі вы выйграеце суд – вам вернуць вашыя грошы."

Колькі часу пройдзе да таго, як пачнецца суд? Адказвае спецыяліст фінансава-эканамічнага аддзела мытнага камітэта.

Спецыяліст: "Увогуле, гэта цэлая глава ў Мытным кодэксе. Здаецца, там 9 артыкулаў у залежнасці ад таго, што і як парушана. Галоўнае перад тым, як перавезці тавар, неабходна вывучыць, што вам патрэбна. Затрымліваецца тавар, калі чагосьці не хапае. Фізічнай асобе ці суб’екту маёмасці даюць магчымасць хутка прывесці ў парадак неабходныя дакументы".

Нагадаю, з 1 ліпеня бягучага года ў моц уступіў новы Мытны кодэкс, які адмяніў збор за захаванне затрыманых тавараў. Новаўвядзенні выклікаюць шмат пытанняў як у грамадзян, так і супрацоўнікаў мытні: дзе шукаць іншаземца, і як вярнуць тавар? І ці кожны зможа заплаціць 4 еўра за кожны дзень захоўвання тавара не ўласнага карыстання?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі