Вы тут

Мы паспрабавалі трапіць на УНС — і вось што з гэтага атрымалася

Ва ўдзельнікі Усебеларускага сходу прыдасца не кожны беларус

Усебеларускі народны сход (УНС) плануецца правесці пад знакам "дыялогу" паміж грамадствам і ўладамі. Маўляў, там будзе ўвесь дыяпазон меркаванняў і поглядаў. А што большасць дэлегатаў УНС — гэта дэпутаты мясцовых Саветаў, дык гэта проста супала.

Еўрарадыё палічыла, што нядрэнна было б накіраваць на сход свайго дэлегата. І для асвятлення падзеі знутры, і для таго, каб падзяліцца з іншымі дэлегатамі нашым меркаваннем пра тое, як у Беларусі захоўваецца свабода слова. Паверце, нам ёсць што сказаць.

Адбіраць дэлегатаў на УНС было даручана мясцовым уладам. Мы звярнуліся ў адну з раённых адміністрацый Мінска ад асобы грамадзяніна з пытаннем пра тое, як стаць удзельнікам сходу. Зроблена гэта было вельмі аператыўна: на наступны дзень пасля абвяшчэння даты правядзення сходу.

Днямі мы атрымалі адказ. Вось на што чыноўнікі патрацілі два тыдні, адведзеныя ім на тое, каб адрэагаваць на наш зварот:

"Інфармацыя пра падрыхтоўку VI Усебеларускага народнага сходу размешчана на афіцыйным сайце адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска ў банеры "VI Усебеларускі народны сход". Інфармуем, што дэлегатамі на VI Усебеларускі народны сход вылучаюцца асобы ад грамадскіх аб'яднанняў, партый ва ўстаноўленым парадку", — пішуць у адміністрацыі.

Што ж, усё здаецца досыць простым. Заходзім на сайт выканкама, націскаем на паказаны банер і пераносімся на сайт УНС. Тут спрабуем знайсці "ўстаноўлены парадак", але знаходзім толькі спасылкі на навіны пра сход ад БЕЛТА, гістарычныя экскурсы ў папярэднія сходы і старонку для "зваротнай сувязі", пры дапамозе якой прапануецца адпраўляць свае ідэі для ўдзельнікаў мерапрыемства. Ніякай інструкцыі пра тое, як "звычайны" чалавек можа трапіць у дэлегаты УНС, няма.

Вяртаемся да "пачатку пачаткаў" — указа Лукашэнкі аб скліканні сходу. Вось цытата:

"Парадак вылучэння кандыдатур і абрання ўдзельнікаў шостага Усебеларускага народнага сходу зацвярджаецца старшынёй Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта".

Старшыня аргкамітэта — фармальна прэм'ер-міністр, але яго рашэнні ў ролі кіраўніка аргкамітэта (у адрозненне ад прэм'ерскіх) не абавязковыя да публікацыі. Вось і парадак вылучэння кандыдатур на Усебеларускі народны сход аказаўся неапублікаваны. Вынік: чалавек "збоку" пры ўсім жаданні не можа стаць дэлегатам УНС і прыняць удзел у "дыялогу".

Тым часам чыноўнікі працягваюць самі адбіраць дэлегатаў — і, як расказвала Еўрарадыё, для некаторых удзел у форуме становіцца сюрпрызам.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.