Мужчына з пнеўмапісталетам пагражаў двум работнікам Ляхавіцкага льнозавода

Крымінальную справу за хуліганства пачаў Следчы камітэт на жыхара Ляхавіцкага раёна, паведамляе БЕЛТА.

Здарэнне адбылося ўвечары 9 красавіка. На пульт цэнтралізаванага назірання Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы паступіў сігнал трывогі з вартавога паста Ляхавіцкага льнозавода ў вёсцы Задвор'е. Вартаўнік паведаміў, што на прахадную зайшоў нецвярозы мужчына, які пагражаў яму і іншаму работніку прадпрыемства прадметам, падобным да пісталета. Потым узброены наведнік пайшоў у бытавое памяшканне цэха перапрацоўкі лёну.

Праваахоўнікі затрымалі парушальніка. Выявілася, што гэта 40-гадовы мясцовы жыхар. У яго забралі пісталет, які, паводле папярэдніх звестак, з'яўляецца пнеўматычным. Экспертыза выявіць, ці дзейнічае гэтая зброя.