Вы тут

Мужчына з нажом спрабаваў абрабаваць полацкую краму

pixabay.com

У Полацку затрымалі мужчыну, які хацеў з нажом абрабаваць краму, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.

Здарэнне адбылося 27 верасня. У 15:55 у адной з крамаў спрацавала трывожная сігналізацыя. Калі міліцыянты прыбылі на месца выкліку, супрацоўніца крамы распавяла, што за пяць хвілінаў да таго невядомы мужчына пагражаў нажом і патрабаваў аддаць яму грошы.

Яшчэ да прыезду міліцыянтаў ахова крамы затрымала і абясшкодзіла нападніка. Высветлілася, што мужчына падышоў да работніцы, калі тая працірала стэлажы. Ён дастаў нож і запатрабаваў грошы. Жанчына адштурхнула нападніка і пабегла па дапамогу. Ахоўнік забраў у мужчыны нож.

Нападнікам выявіўся непрацуючы 56-гадовы жыхар Докшыцаў. Падчас нападу мужчына быў п'яны. На яго пачалі крымінальную справу за разбой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.