Мужчына сем гадоў незаконна гандляваў кветкамі, каб не плаціць крэдыты маці

Мужчына сем гадоў незаконна гандляваў кветкамі, каб не плаціць крэдыты маці

Жодзінскі прадпрымальнік цягам сямі гадоў незаконна гандляваў кветкамі, каб не аплочваць рахункі сваёй памерлай маці. За гэты час ён зарабіў болей за 72 тысячы рублёў, паведамляе прэс-служба МУС.

У 2011 годзе ён зрабіўся фактычным пераемнікам бізнэсу сваёй маці, але не стаў пераафармляць на сябе фірму з трыма кветкавымі крамамі. Прычынай гэтаму былі шматлікія крэдыты на развіццё бізнэсу, якія пераходзілі прадпрымальніку ў спадчыну. А плаціць па гэтых абавязаннях ён не збіраўся.

Справы фірмы ён вёў паводле права подпісу, атрыманага падчас рэгістрацыі прадпрыемства, але гэтага было недастаткова. У выніку на мужчыну завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 233 КК РБ (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Яму пагражае да пяці гадоў зняволення са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады. Апроч таго, фігурант раней меў судзімасць за незаконны абарот наркотыкаў і яна можа паўплываць на прысуд.

Мужчына ўжо аформіўся як індывідуальны прадпрымальнік і можа займацца бізнэсам ад уласнага імя. Таксама ён мае намер закрыць крэдыты і вярнуць незаконны прыбытак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі