Вы тут

МУС выдаткуе $57 тысяч на новыя дыктафоны і відэакамеры (у тым ліку GoPro)

Пачым камеры?​ / mspring.online

Дэпартамент фінансаў і тылу МУС закупляе відэа- і аўдыяабсталяванне на суму 148 тысяч 900 беларускіх рублёў. Усяго за гэтыя грошы (дарэчы, каля 57 тысяч долараў па цяперашнім курсе) міліцыя плануе набыць 92 відэакамеры і 54 дыктафоны.

Скрыншот з сайта goszakupki.by

У заяўцы пазначаны прыкладныя мадэлі камер, якія падыдуць міліцыянерам. Прыведзенаму апісанню відеапрылад адпавядаюць лічбавыя відэакамеры "Panasonic HC-W580", "Panasonic HC-V380" альбо іх аналагі. Гэта камеры, падобныя да тых, што так званыя "ціхары" — супрацоўнікі ОУС у цывільным адзенні — выкарыстоўваюць на пратэставых акцыях, каб здымаць мітынгоўцаў.

Panasonic HC-W580 / Shop.by

Таксама сілавікам патрэбны даражэйшыя мадэлі. Напрыклад, адпавядаюць заяўкам камера "Sony Handycam FDR-AX53", цана на якую вагаецца каля 3 тысяч рублёў, і камера "Panasonic AG-UX180", арыенціровачны кошт якой — каля 6 тысяч рублёў. "Panasonic AG-UX180" — гэта "мадэль прэміум-класа серыі UX", якая падтрымлівае прафесійныя функцыі і вылучаецца тэхнічнымі характарыстыкамі "для самых патрабавальных карыстальнікаў". Можа, МУС надумаў завесці б'юці-блог? Або запісваць выбачэнні правапарушальнікаў цяпер будуць у якасці 4К?

Panasonic AG-UX180 / Яндэкс.Маркет

Таксама прадстаўнікам МУС спатрэбілася экшн-камера накшталт "GoPro HERO5 Session". Экшн-затрыманні і экшн-разгоны пратэстоўцаў патрабуюць адпаведнага відэаабсталявання?

16 верасня МУС асобнай заяўкай таксама размясціў тэндар на куплю гуказапісвальнага абсталявання — ад простых да прафесійных прылад. У многіх заяўках месцам пастаўкі тавару пазначаны Дзяржынск. У тэлеграм-чаце горада перапалохаліся, маўляў, навошта столькі ўсяго ў Дзяржынску?

Як пракаментаваў Еўрарадыё прадстаўнік Дэпартамента фінансаў Павел Сілівончык, "камеры будуць выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні. Для здымкі". А ў Дзяржынск абсталяванне прывезлі таму, што там знаходзіцца склад МУС: "Гэта для ўсёй рэспублікі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.