МУС: Футбольным “гора-заўзятарам” плануюць забараніць уваход на стадыёны

МУС: Футбольным “гора-заўзятарам” плануюць забараніць уваход на стадыёны

У Беларусі налічваецца 130 футбольных “гора-заўзятараў”, праблемных людзей. Ім плануюць забараніць уваход на стадыёны. Такое рашэнне на тэрмін ад 3 месяцаў да 3 гадоў будуць выносіць суды (будзе адказнасць і за парушэнне забароны). Пра гэта 19 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Мельчанка. Адбылося гэта падчас абмеркавання зменаў у заканадаўства “па некаторых пытаннях аховы грамадскай бяспекі падчас правядзення спаборніцтваў”, інфармуе “Наша ніва”.

Мельчанка зрабіў упор на тое, што футбольныя фанаты (а іх у Беларусі налічваецца каля 3 тысяч чалавек) прыносяць міліцыі шмат клопату. Прапанаваныя змены скіраваныя найперш на іх. Паводле слоў намесніка міністра, апроч хуліганства, “не рэдкія выпадкі правакацый”. Ён прыгадаў “сімволіку з лічбамі, якія маюць закамуфляваны сэнс”, песню пра вясёлую прагулку па балотах з… кулямётам. “Новыя меры індывідуальнай адказнасці” будуць ужываць за выкарыстанне нацысцкай сімволікі, за дробнае хуліганства, гвалтоўныя дзеянні, непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Палата прадстаўнікоў ухваліла праект закона. Каб ідэнтыфікаваць твары “гора-заўзятараў”, плануецца стварыць адмысловыя базы знешнасці. Набыццём тэхнікі давядзецца займацца ўласнікам стадыёнаў.

Як інфармуе БЕЛТА, дэпутат Наталля Клімовіч прапанавала распрацаваць так званы “пашпарт заўзятара”. Мікалай Мельчанка сказаў, што гэтая прапанова будзе разгледжана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі