Вы тут

Мразь в рюшечках: што за псіхолаг піша "партрэты" беларускіх апазіцыянераў

Алёна Дзіёдзіна

"Яшчэ адна хвалюючая тэма для С. Ціханоўскай — падахвочванне беларусаў да пратэстаў і маршаў у сваіх зваротах. Яна называе дэманстрацыі мірнымі. Аднак невербальныя рухі паказваюць, што ў гэты момант Святлана чамусьці адчувае няёмкасць (дотыкі да вуснаў), паглыбляецца ў роздум (тузае і кранае падбародак), старанна падбірае словы і быццам асцерагаецца сказаць нешта лішняе (прыкрывае пальцамі рот)", — так у газеце "Мінская праўда" абмалёўвае "псіхалагічны партрэт" Святланы Ціханоўскай псіхолаг Алёна Дзіёдзіна.

Падобнае Алёна напісала не толькі пра Ціханоўскую, але і пра Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Вераніку Цапкала, Андрэя Дзмітрыева і іншых беларускіх палітыкаў. Апошняе — пра Юрыя Васкрасенскага. Вядома, кампліментарнае.

Хто ж такая псіхолаг Алёна Дзіёдзіна, дзякуючы артыкулам якой раней непрыкметная "Мінская праўда" стала адным з самых яркіх рупараў дзяржпрапаганды?

З Бабруйска, але не зусім

У сваім інстаграм-акаўнце Алёна Дзіёдзіна ганарыцца беларускім паходжаннем: у яе шмат аксесуараў з літарай Ў, фатаграфій ласункаў з Беларусі і здымкаў Бабруйска.

Стрыечны дзядуля Дзіёдзінай — легендарны савецкі лётчык Барыс Коўзан. Не так даўно яна пабывала ў Бабруйску і фатаграфавала як мемарыял свайму сваяку, так і краму "Чырвонага харчавіка". Праўда, хоць сябе Дзіёдзіна называе беларускай, партал bobr.by піша чамусьці, што нарадзілася і вырасла Алёна ўсё ж у Рызе. Там жыве і цяпер.

Пра адукацыю Дзіёдзінай вядома няшмат. На сайце аднаго з латвійскіх псіхалагічных цэнтраў, з якім яна раней супрацоўнічала, пазначаная "Міжнародная вышэйшая школа практычнай псіхалогіі". Гэта ўстанова функцыянавала ў Рызе, але цяпер "вышэйшая школа" ліквідаваная: Міністэрства адукацыі Латвіі пазбавіла ўстанову ліцэнзіі на адукацыйныя паслугі па профілі "Псіхалогія" праз нізкую якасць адукацыі яшчэ ў 2014 годзе.

#инфоспецназ і #мразьврюшечках

Пра нестандартнасць асобы Дзіёдзінай можна судзіць і па яе акаўнтах у сацыяльных сетках. У "Фэйсбуку" яна падпісана як "Алена Алешко", "УКантакце" ў яе дзве старонкі — Алена Фамилиюневыговорите і Алёна Дзи. Часта падпісвае сябе спадарыня псіхолаг як "Мразь в рюшечках". Пры гэтым яна любіць рабіць гатычныя фатаграфіі з сякерамі або нажамі.

Сярод суполак, на якія падпісаная Дзіёдзіна, — фан-група (!) сясцёр Груздзевых, "ИнфоСпецНаз Беларуси" (пра гэта — далей) і "Пул Первого".

Спачатку ты малавядомы псіхолаг у Рызе, а потым ты — у прайм-тайм на ТБ. Галоўнае — мець правільную палітычную пазіцыю

Псіхалагічных артыкулаў Дзіёдзінай да гэтай восені не было нідзе. Сама яна ў "Фэйсбуку" напісала 31 жніўня:

"Вось мне ўсе казалі, маўляў, "ты так пішаш, Алёначка...". А я ўсё то "ў стол" , то на Facebook, то ўвогуле за кагосьці. Не пра тое мне марылася на шкалатроне за партай, таму адправіла я сёння заявачку на адзін з беларускіх парталаў навін".

Да гэтага свае псіхалагічныя экзэрсісы Дзіёдзіна публікавала толькі ў сацыяльных сетках.

І вось 8 верасня яе матэрыял пад назвай "Пра што на самай справе пратэстуюць беларусы і якія перамены ім сапраўды патрэбныя" быў апублікаваны ў сацсетках газеты "СБ. Беларусь сегодня":

"Магчыма, тое, што адбываецца вакол, і праўда падказвае, што людзям патрэбныя перамены, але не ва ўрадзе, а ў першую чаргу ў жыцці кожнага канкрэтнага чалавека, якога мінулы горкі досвед штурхае бунтаваць на вуліцах так, нібы яму зноў 12…"

Яшчэ праз тыдзень Дзіёдзіна з'явілася ў эфіры "Беларусь 1", дзе паразважала пра Марыю Калеснікаву. У кастрычніку яна выступала ў эфіры "Добрай раніцы" на АНТ — гаварыла пра палітыку. Нарэшце, у канцы кастрычніка Дзіёдзіна атрымала ўласную рубрыку ў "Мінскай праўдзе".

Псіхалагічныя экзэрсісы Дзіёдзінай у "Мінскай праўдзе"

У абласной газеце Дзіёдзіна ўжо напісала "палітычныя партрэты" Андрэя Дзмітрыева, Веранікі і Валерыя Цапкалаў, Марыі Калеснікавай, Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, Віктара Бабарыкі і, нарэшце, Юрыя Васкрасенскага. Ва ўсіх, акрамя Васкрасенскага, дыягнаставаны розныя комплексы, траўмы і іншае.

Супрацоўнічае Алёна Дзіёдзіна і з праектам "ИнфоСпецНаз Беларуси" — гэта праект адыёзнага "эксперта" Дзмітрыя Белякова, які прадстаўляе сябе як партнёра неіснуючай "Пекінскай акадэміі грамадскіх навук". У канцы студзеня ў эфіры "Спутника" ён заяўляў пра магчымую "рукатворнасць" каранавіруса.

У "ИнфоСпецНазе" Дзіёдзіна не толькі перадрукоўвае свае "псіхалагічныя партрэты", але і піша ўнікальныя матэрыялы. Напрыклад, вось што яна пісала ў тэксце пра прэс-сакратарку Святланы Ціханоўскай Ганну Красуліну:

"У мяне ўсяго 4 пытанні: хто выпусціў Аню з палаты, у які момант "дэменцыя" так памаладзела, як пачуць гэта [мяркуючы па ўсім, каментар Красулінай па сітуацыі з адсутнасцю вады ў Новай Баравой на "Дожде". — Еўрарадыё] назад, як перастаць глядзець гэты канал, які зачароўвае гасцямі-ідыётамі?"

Спіс сяброў Дзіёдзінай закрыты, аднак нам удалося высветліць, што ў "Фэйсбуку" Алёна "сябруе" з супрацоўнікам RT Канстанцінам Прыдыбайлам, выканаўцам абавязкаў гендырэктара СТБ Кірылам Казаковым, аўтарам "СБ. Беларусь сегодня" Максімам Осіпавым і іншымі падобнымі персанажамі.

Адзін з дасведчаных практыкуючых беларускіх псіхолагаў на пытанне Еўрарадыё з просьбай пракаментаваць творчасць Алёна Дзіёдзінай абмежаваўся адным словам — "трызненне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.