Мошас: Без паразумення з МВФ разлічваць на значную дапамогу Мінску не варта

Мошас: Без паразумення з МВФ разлічваць на значную дапамогу Мінску не варта

Даведка Еўрарадыё: Аркадзь Мошас – кіраўнік расійскіх праграм Фінскага інстытута міжнародных адносінаў, доктар гістарычных навук.

Еўрарадыё: Першапачаткова санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў увялі ў 1998 годзе за парушэнне выбарчага заканадаўства. Пазней іх пашыралі з розных прычын, за наяўнасць палітвязняў, да прыкладу, але першаснай заўжды называлася адсутнасць сумленных выбараў. Але знялі санкцыі нібыта найперш за тое, што былі вызваленыя палітвязні. Да нашага выбарчага працэсу ў БДІПЧ АБСЕ і сёння шмат пытанняў. Дык чаму ж, на вашу думку, санкцыі былі знятыя?

Аркадзь Мошас: Адмянілі іх таму, што большасць людзей, якія прымаюць рашэнні ў Еўрасаюзе, вырашыла, што Мінск павінен быць узнагароджаны за пазіцыю, якую ён заняў ва ўкраінскім канфлікце. І ў тым ліку за тое, што не далучыўся да расійскіх контрсанкцый адносна Еўропы і да расійскага ўціску на Украіну пасля пачатку канфлікту. Мяркую, тлумачэнні, якія мы чуем, няшчырыя. Гэта тое, чым еўрапейскія спікеры супакойваюць адно аднаго. Насамрэч жа прагрэс зменаў у Беларусі невялікі: палітвязні не былі рэабілітаваныя, выбарчае заканадаўства не было змененае — справаздача АБСЕ наконт выбараў не дае падставаў нават для падвойных інтэрпрэтацый і застаецца дастаткова крытычнай. Але ЕС, відаць, спрабуе гуляць у геапалітыку. Так, як ён гэта ўмее рабіць. Толькі трэба разумець, што ёсць сярод прычын і відавочная стомленасць еўрапейцаў ад санкцый, якія нічога не могуць змяніць. Праўда, санкцыі гэтыя ніколі не былі сур’ёзнымі ў эканамічным плане. Разуменне, што такія санкцыі не могуць нічога змяніць, нараджае бюракратычнае жаданне змяніць палітыку.

Еўрарадыё: Ці чакаць, што ў адказ Мінск пойдзе на большае збліжэнне з ЕС ці што ўнутры краіны будзе нейкая лібералізацыя?

Аркадзь Мошас: Ніякай лібералізацыі рэжыму не будзе, я проста не бачу сэнсу — навошта ўладам гэта рабіць? Наўрад ці сістэма, якая дзейнічае ў краіне з 1994 года і дзейнічае эфектыўна, на думку чалавека, што знаходзіцца на чале гэтай сістэмы, будзе змяняцца пасля таго як вытрымала знешні ўціск. Што да геапалітыкі, то і тут меркаваць, што Мінск будзе ў меншай ступені саюзнікам Масквы, чым быў да гэтага часу, знаходзячыся і ў АДКБ, і ў Еўразійскім эканамічным саюзе, не даводзіцца. Тым больш што Мінск цалкам падзяляе маскоўскія погляды на “каляровыя рэвалюцыі”, на Еўрамайдан, на ролю Захаду ў правакаванні гэтых працэсаў. Магчыма, не будуць зробленыя такія знакавыя рэчы, як падпісанне фармальнай дамовы пра размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі. Але і тыя ж расійскія эксперты сцвярджаюць, што фармалізацыя гэтага працэсу зусім не абавязковая, і выкарыстанне беларускіх аб’ектаў расійскімі ўзброенымі сіламі можа быць проста зафіксаванае дэ-факта. Такім чынам, я ніякіх зменаў не чакаю, але людзі, што прымаюць такія рашэнні, могуць даць справаздачу пра нармалізацыю. І выдаць факт нармалізацыі за поспех іх палітыкі адносна Беларусі.

Еўрарадыё: Ці можа зараз Мінск разлічваць на нейкія фінансавыя прэферэнцыі ад ЕС?

Аркадзь Мошас: Значнай дапамогі не будзе. І гэта не будзе звязана з пытаннямі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў вашай краіне — гэта звязана з тым, ці пойдзе Мінск на прыняцце ўмоў МВФ. Калі МВФ палічыць магчымым даць Мінску крэдыты, то пэўныя дадатковыя фінансавыя ўліванні могуць прыйсці з боку Еўрасаюза. Калі дамоўленасці з МВФ не будзе, гаварыць пра макраэканамічную дапамогу бессэнсоўна. Але нейкія знакавыя, але невялікія праекты: трэнінгі, дыялогі, інфраструктурнае супрацоўніцтва — гэта ўсё можа развівацца. А ў той эканамічнай сітуацыі, у якой сёння знаходзяцца Беларусь і Расія, любыя гранты будуць прынятыя з удзячнасцю.

Мошас: Без паразумення з МВФ разлічваць на значную дапамогу Мінску не варта

Будуць цягам года арганізаваныя адзін-два візіту ў Еўропу кіраўніка Беларусі. Нейкія зрухі будуць, але сваім, чалавекам, якому давяраюць, Лукашэнка не стане. 

Аркадзь Мошас

Еўрарадыё: Спадзяванні на тое, што зараз для Беларусі адкрыюцца ўсе фінансавыя магчымасці Захаду, марныя?

Аркадзь Мошас: Санкцыі нічога ў эканамічным плане і не закрывалі — Беларусь ніколі не знаходзілася пад санкцыямі таго ўзроўню, пад якімі сёння знаходзіцца Расія. Эканамічны абмен паміж Беларуссю і Ес ажыццяўляўся фактычна без перашкод. Санкцыі былі выключна знакавымі: калі іх уводзілі, у ЕС было вельмі шмат зацікаўленых бакоў, якія баяліся, што санкцыі будуць нявыгаднымі найперш для іх саміх. І ў гэтым сэнсе зняцце санкцый эканамічнага прарыву не абяцае. А на палітычным узроўні будзе ісці павольны дыпламатычна-бюракратычны абмен, які і так быў дастаткова актыўным з пачатку 2013 года. Таму ключавым тут з’яўляецца МВФ: калі ён дасць грошы і такім чынам дасць сігнал, што ў Беларусі чакаюцца пэўныя эканамічныя змены, то і ЕС зможа падключыцца праз свае праграмы і фонды.

Еўрарадыё: Пасля замарожвання санкцый вы казалі, што гэта не зробіць Лукашэнку сваім сярод еўрапейскіх лідараў. А зняцце санкцый зробіць?

Аркадзь Мошас: Не. У тым, што тычыцца даверу, здольнасці кіруючага мінскага рэжыму перабудавацца, ніхто ніякіх ілюзій не мае. Ну, будуць цягам года арганізаваныя адзін-два візіту ў Еўропу кіраўніка Беларусі. Нейкія зрухі будуць, але сваім, чалавекам, якому давяраюць, Лукашэнка не стане. Тут трэба мець на ўвазе іншае: я слаба сябе ўяўляю, каму з лідараў краін Усходняга партнёрства, уключна з украінскім прэзідэнтам Парашэнкам, еўрапейскія лідары давяралі б цалкам. Думаю, сёння такіх проста няма.

Еўрарадыё: Як зменіцца стаўленне на Захадзе да беларускай апазіцыі?

Аркадзь Мошас: З імі па-ранейшаму будуць мець справу, маральныя сімпатыі і пачуццё салідарнасці будзе на баку большасці прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Але разуменне іх няздольнасці сёння хоць неяк змяніць сітуацыю ў Беларусі пераважае. Будзе працягвацца палітыка паралельных дыялогаў, яна будзе прыкрывацца дыпламатычнымі формуламі, але… Еўропа зыходзіць з таго, што яна “выраўняла крэн”. Маўляў, раней быў крэн у бок апазіцыі, а цяпер можна мець справу і з ёй, і з уладамі адначасова. Што зробіш: калі рашэнні прымаюцца на карысць геапалітычных фактараў, чакаць іншага проста не даводзіцца.

Еўрарадыё: Праўда ў словах пра тое, нібыта зняццем санкцый еўрапейцы прадэманстравалі, што дэмакратычныя каштоўнасці для іх не на першым месцы, ёсць?

Аркадзь Мошас: Ёсць, але тут няма нічога новага. І на ўсходзе Еўропы, і ў краінах “трэцяга свету” так званая “рэалпалітык” праводзілася заўжды. І будзе праводзіцца ў далейшым.

Еўрарадыё: Крэмль выказаў задаволенасць зняццем еўрапейскіх санкцый з Мінска, але колькі ў гэтай задаволенасці шчырасці?

Аркадзь Мошас: У ідэале Крэмль хацеў бы мець больш надзейных саюзнікаў, якія б не лавіравалі, а цвёрда прытрымліваліся лініі, вызначанай Крамлём. Але ў гэтым выпадку Крэмль разумее, што ніякай рызыкі для яго знешнепалітычных планаў сённяшняе збліжэнне Беларусі з ЕС не ўяўляе. Бо сутнасна рэжым не змяніўся. Сутнасна для Крамля нешта мяняе змена рэжыму па ўкраінскай мадэлі і нават той узровень тэхнакратычных узаемаадносінаў, які патэнцыйна мог рэалізавацца паміж Арменіяй і ЕС — калі б Арменія падпісала дамову пра зону свабоднага гандлю. Калі ж змены тычацца толькі часткі рыторыкі — рызыкі няма ніякай. А галоўнае, што людзі ў Маскве будуць толькі радыя, калі Мінск атрымае пэўную дапамогу ад Захаду. Бо роўна на гэтую суму можна будзе зменшыць суму субсідый, што ідуць у Беларусь з Масквы. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі