Мітрапаліт Павел выступіў у судзе, расказаў, што яму падарылі "Майбах"

Мітрапаліт Павел выступіў у судзе, расказаў, што яму падарылі "Майбах"

Кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Паўла выклікалі ў суд у якасці сведкі. 9 ліпеня ён даваў паказанні па справе былога кіраўніка выдавецтва Беларускага экзархата Уладзіміра Грозава, інфармуе сайт officelife.media. Ён адзначае, што такое адбылося ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

Грозаў быў звольнены неўзабаве пасля таго, як кіраўніком БПЦ стаў мітрапаліт Павел. Працу кіраўніка выдавецтва прызналі нездавальняючай. Праз некалькі месяцаў на яго завялі крымінальную справу.

Мітрапаліт Павел шкадуе, што БПЦ ініцыявала судовы працэс. Ён звяртаўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай спыніць крымінальную справу. Паводле яго слоў, у выдавецтве былі парушэнні і былі не выплачаныя некаторыя падаткі. Але скаргі, якія пісалі на Грозава, "гэта была барацьба за ўладу". Кіраўнік БПЦ папрасіў яго вызваліць.

"На 65 гадоў мне падарылі "Майбах", — прызнаўся ў судзе мітрапаліт Павел. Паводле яго слоў, аўтамабілі яму дарылі неаднаразова, і ён іх перадаваў у манастыры і прыходы, выпісваў даверанасці. На сённяшні дзень на кіраўніка БПЦ аформленыя два аўтамабілі.

Мітрапаліт Павел нарадзіўся ў 1952 годзе ў Казахстане. У Беларусі з 2014 года. Да таго часу быў мітрапалітам Разанскім. У Беларусі прызначэнне Масквой кіраўніком БПЦ мітрапаліта без беларускага грамадзянства і без ведання беларускай мовы ўспрынялі неадназначна. Мітрапаліт Павел вядомы шэрагам скандальных заяў (напрыклад, пра ўніятаў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі