Мінюст: Расія, Літва, хто наступны?

Пакуль нас называюць няправільна немцы, нарвежцы, грэкі, латышы, фіны, венгры. Мінюст заключыць пагадненні з іншымі краінамі пра правільнае напісанне нашай краіны

Мінюст Беларусі вырашыў разабрацца з няправільным выкарыстаннем назвы нашай краіны. Калі на мінулым тыдні гаворка ішла пра Расію, дык цяпер — пра Літву. Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў паведаміў, што ў Мінску незадаволеныя тым, што ў Літве нас называюць “Балтарусія”.
У міністэрстве замежных спраў Літвы Еўрарадыё пацвердзілі, што афіцыйна нас сапраўды называюць “Рэспубліка Балтарусія”, а скарочана можна ўжываць варыянт “Балтарусія” ці “Гудзія”. А пра заяву беларускага міністра там ведаюць толькі з прэсы. Афіцыйна да іх ніхто пакуль не звяртаўся.
Вядомы мовазнаўца Юрась Бушлякоў дзівіцца гэтай сітуацыі, калі рускамоўныя беларускія ўлады вучаць тых жа расіян правільнай форме маўлення. 
Юрась Бушлякоў: "Мы не можам даваць загады. Гэта выглядае трошкі смешна. Калі ва ўсіх сферах жыцця пануе руская мова. Гэта дзіўна, што беларуская форма вымаўлення расейскамоўнымі беларускімі ўладамі навязваецца носьбітам мовы".
Але сам факт, што тэма падымаецца, някепскі, бо гэта можа прывесці да шырэйшага выкарыстання варыянта “Беларусь”, лічыць Бушлякоў.
У некаторых краінах зрухі ўжо відавочныя. Напрыклад, шведская акадэмія сёлета змяніла назву беларускага народу з vitryssar на belarusier. Раней “Белай Расіяй” мы былі і ў нямецкіх афіцыйных дакументах. Але цяпер на афіцыйным узроўні ўсё змянілася, аднак звычайныя немцы ведаюць Беларусь, як Weißrussland (Вайсрусланд).
"Германія на дыпламатычным узроўні называе нас карэктна. Яны кажуць “дэ Рэпублік Беларусь”. Але немцы самі на працэнтаў 85 ці 90 не ведаюць, што такое Беларусь. Яны кажуць "Вайсрусланд", — кажа былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі.
Але да гэтага трэба ставіцца цярпіма. Бо такія пытанні балюча ўспрымаюць толькі нацыі з пэўным комплексам непаўнавартасці, кажа Садоўскі. У іншых краінаў ніякіх праблемаў з гэтым няма. Напрыклад, палякі называюць Італію — Влохі, Германію — Немцы, ад слова “нямыя”. І ніхто не крыўдзіцца.
Пятро Садоўскі: "Да гэтага трэба ставіцца спакойна. Але калі з Мядзведзевым гаварылі журналісты, там адзін шчыры лукашэнкаўскі журналіст паказаў свой “патрыятызм” і задаў пытанне пра назву Беларусі. Яно трошкі дурнаватае. У Расіі ёсць мадэль словаўтварэння: Фінляндыя, Балгарыя, Венгрыя, Швецыя, ну і адпаведна, Расія і можа быць “Белоруссия”. Нічога тут дурнога няма. Але паколькі ў нас каланіяльнае мінулае ў адносінах з Расіяй, мовы блізкія, то псіхалагічна ўспрымаць гэта можна".
Паводле Садоўскага, праблема ў тым, што Беларусь слаба ведаюць у свеце як незалежную дзяржаву.
А тое, што ў кожнай мове існуюць свае назвы, цалкам заканамерна, лічыць Юрась Бушлякоў.
"Гэта абсалютна заканамерна, што ў кожнай мове існуе свая назва. Не называем мы Фінляндыю — Суомі, Грузію — Сакартвэла. Калі з гэтага пункту паглядзець, стаць аб'ектыўным назіральнікам, то трэба прызнаць, што расейцы маюць поўнае права карыстацца той формай, якую яны лічаць для сваёй мовы традыцыйнай і апраўданай", — кажа Юрась Бушлякоў.
Але ёсць іншы бок. Людзі, якія жывуць далёка да нас, не разумеюць розніцы паміж Руссю і Расіяй, зазначае Юрась Бушлякоў:
"Мы не хочам, каб на іншых мовах краіна называлася Белай Расеяй. І мы звяртаем увагу носьбітаў мовы, што ў іх мовах не адлюстроўваецца гэта розніца. Сваімі заўвагамі мы можам падкарэктаваць гэтыя назвы".
Генадзь Бураўкін працаваў пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН, якраз у тыя часы, калі наша краіна стала звацца Рэспублікай Беларусь. На яго погляд, тое, што па сённяшні дзень яе называюць іначай, вінавата нашая дыпламатыя, якая надта позна спахапілася.
Генадзь Бураўкін: "Пасля разваг мы прыйшлі да высновы, што называць трэба Беларусь. І тады гэта было прынята ў ААН. І я лічу, што гэта было разумна. І тое, што нас па старой савецкай звычцы называюць іначай, мне здаецца, што гэта недахоп нашай дыпламатыі, якая не паспела данесці, што менавіта так трэба называць нашу незалежную дзяржаву".
А пакуль немцы называюць нас Weißrussland, нарвежцы — Kviterussland, грэкі — Λευκορωσία (Леўкаросія), латышы — Baltkrievija, фіны — Valko-Venäjä, венгры — Fehéroroszország. А вось французы і англічане кажуць Bélarus. А вось афіцыйнае венесуэльскае радыё называе нас la República de Bielorrusiae.