Мінскіх гімназістаў забраў аўтазак? "Дзеці на месцы", — кажуць у гімназіі №18

Аўтазак на Калініна ў Мінску
Аўтазак на Калініна ў Мінску

Раніцай 26 кастрычніка па тэлеграм-каналах разляцелася фота аўтазака, які стаяў каля агароджы мінскай гімназіі №18. Побач з машынай — АМАП і некалькі затрыманых хлопцаў і дзяўчат. Аўтар фота сцвярджаў, што сілавікі зайшлі ў будынак гімназіі, проста там затрымалі чацвярых гімназістаў і "вывелі іх да аўтазака з рукамі за галавой".

— Нікога не забралі. У нас ідзе адукацыйны працэс, дзеці на месцы, а гэта правакацыя, — каментуе Еўрарадыё дырэктар гімназіі №18 Ала Венская.

Але каго тады затрымалі? Раніцай 26 кастрычніка ў раёне Акадэміі навук сілавікі пераследавалі ўдзельнікаў студэнцкага маршу. Па ўсёй імавернасці, затрыманымі сталіся студэнты аднаго з універсітэтаў, размешчаных непадалёк: БНТУ або БДУІРа.

— Затрымалі хлопца і дзяўчыну на Калініна. Гэту інфармацыю напісала класная кіраўніца. Можа, і школьнікі, але вялі іх не з гімназіі, — пацвярджае гэтую здагадку чытач Еўрарадыё.

Сярод затрыманых вылучаюцца хлопец у аранжавай куртцы са звязанымі сцяжкамі рукамі і дзяўчына з ружовымі валасамі. На відэа з ТГ-канала "отчислено" трапіў падобны хлопец, які стаіць тварам да сцяны Савецкага РУУС Мінска. У апісанні да відэа сцвярджаецца, што гэта студэнты, якія ўдзельнічалі ў сённяшнім маршы.

У суполцы "УКантакце" МУС абверг інфармацыю пра затрыманне школьнікаў.

Минских гимназистов забрал автозак? "Дети на месте", — говорят в гимназии №18
Скрыншот з суполкі МУС "УКантакце" / vk.com

Калі вы апазналі кагосьці з затрыманых, калі ласка, напішыце ў "Тэлеграм" Еўрарадыё: @euroradio_minsk.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі