Мінлясгас паведаміў умову, пры якой гатовы вярнуць крыжы з Курапатаў

Мінлясгас паведаміў умову, пры якой гатовы вярнуць крыжы з Курапатаў

У Міністэрстве лясной гаспадаркі кажуць, што Бараўлянскі спецлясгас верне ўласніку крыжы, дэмантаваныя ў Курапатах. Праўда, для гэтага трэба падаць дакументы, якія сведчаць аб праве ўласнасці на іх. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" сказала прэс-сакратар ведамства Анастасія Дакучаева.

"У размове з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай першы намеснік міністра Валянцін Шатраўка дакладна абазначыў, што Бараўлянскі спецлясгас гатовы вярнуць крыжы ўласнікам. Адпаведна, трэба звярнуцца ў спецлясгас, падаць дакументы, што гэта іх уласнасць — і крыжы будуць вернутыя", — патлумачыла яна.

Дырэктар Бараўлянскага спецлясгасу Аляксандр Мірановіч пацвердзіў журналістам словы пра вяртанне крыжоў: "Так, як вам сказалі ў Мінлясгасе, гэтак і будзе". Праўда, ён не паведаміў, дзе цяпер знаходзяцца крыжы, вывезеныя з Курапатаў.

Крыжы, дэмантаваныя 4 красавіка, усталёўваў год таму Зміцер Дашкевіч з памочнікамі. У каментары Радыё "Свабода" Дашкевіч патлумачыў: "Дакументы, якія даказваюць, чыя гэта ўласнасць, я прыклаў да заявы ў пракуратуру, якую аднёс у панядзелак. Да заявы прыкладзеныя копіі чэкаў на дрэва, мэтал, фарбу — на ўсё, з чаго рабіліся крыжы. Мяркую, адна дзяржаўная ўстанова мусіць праінфармаваць другую пра гэта, каб вярнулі крыжы. Калі будзе патрэбна, дык і наўпрост аднясу дакументы ў Бараўлянскі спецлясгас. Забяром гэтыя крыжы і захаваем да лепшых часоў".

70 крыжоў па перыметры Курапатаў былі дэмантаваныя 4 красавіка. На іх месцы ўлады ставяць агароджу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі