Вы тут

Міністр ЖКГ патлумачыў, як новая Служба заказчыка будзе абараняць жыхароў

Аляксандр Церахаў / minsknews.by

Міністр ЖКГ Беларусі Аляксандр Церахаў расказаў журналістам у парламенце, што будзе ўяўляць з сябе дзяржаўная Служба заказчыка, якая цяпер ствараецца. Прадстаўнікі службы, па яго словах, будуць сачыць за аб'ёмам і якасцю выкананых паслуг для насельніцтва ў сферы ЖКГ.

Служба заказчыка будзе займацца літаральна ўсім: пачынаючы ад банальнага пераразліку платы за ЖКГ і заканчваючы перавыбарам падраднай арганізацыі ў выпадку сістэматычных парушэнняў, расказаў Церахаў.

Ён параўнаў Службу заказчыка з таварыствамі ўласнікаў. У таварыствах уласнікаў жыхары дома выбіраюць сабе старшыню, які чуе кожнага чалавека. Ён разам з упаўнаважанымі працуе з абслугоўвальнымі арганізацыямі, камунальнымі службамі, выбірае выканаўцаў работ, кантралюе якасць працы. Мяркуецца, што тое самае будзе рабіць дзяржаўная Служба заказчыка там, дзе жыхары не могуць арганізавацца ў ТУ.

"Сёння пакупнік паслуг павінен мець шэсць-сем дамоваў. Ён павінен уважліва сачыць, каб усё памылі, падмялі і абслужылі. Часта ён не можа зайсці ў цеплавы вузел, ён не ведае, абслужылі яго да зімы, не абслужылі, — тлумачыць міністр ЖКГ. — А цяпер з'яўляецца адна арганізацыя, якая яму будзе абавязаная даць увесь спектр інфармацыі. Пачынаючы ад таго, колькі грошай выдаткавана на гэты дом, уключаючы бюджэтныя сродкі, як распарадзіліся тымі сродкамі, якія атрыманыя ад насельніцтва, і заканчваючы банальным вывучэннем апытання жыхароў: а што вы хочаце новага? Іх задача — чуць запыты і патрабаванні спажыўцоў".

Аляксандр Церахаў падкрэсліў, што дадаткова плаціць за працу Службы заказчыка насельніцтву не давядзецца. Кіраўнічыя выдаткі ўжо ўключаныя ў дзейныя тарыфы ЖКГ, самі тарыфы з прычыны з'яўлення новай службы "ніякім чынам не павысяцца", сказаў ён.

МінЖКГ: Служба заказчыка вельмі хутка астудзіць запал пастаўшчыкоў паслуг

Міністр падрабязна распісаў працу Службы заказчыка ў канкрэтнай сітуацыі, калі ў кватэрах зімой топяць больш, чым прадугледжана нарматывамі:

"Калі далі 28 градусаў цяпла, чалавек паведамляе, што ў яго ператоплена. Фіксуецца, у які час гэта адбылося. Пастаўшчык цеплаэнергіі — гэта Мінэнерга. Вядома, пастаўшчыку выгадна прадаць як мага больш тавару. І вось тут Служба заказчыка стаіць як вентыль. Служба заказчыка лічыць аплату на 24 градусы, і кожны наступны градус мінусуецца па тым, што выстаўлена на групавым прыборы ўліку. Чалавек будзе аплачваць толькі камфортную тэмпературу".

"Я думаю, гэта вельмі хутка астудзіць пастаўшчыкоў паслуг і прымусіць іх у тым ліку эканоміць рэсурсы", — сказаў Церахаў.

Калі ж у доме топяць заслаба, будзе прадугледжанае пакаранне і для пастаўшчыкоў, якія недапаставілі цеплаэнергію, і для эксплуатавальных арганізацый, якія дрэнна абслугоўваюць дом.

Законапраект "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон "Аб абароне правоў спажыўцоў камунальных паслуг" прайшоў першае чытанне і неўзабаве пройдзе другое.