Міністр культуры Павел Латушка ініцыяваў адстаўку Ўладзіміра Замяталіна?

Па інфармацыі Еўрарадыё рыхтуецца адстаўка дырэктара “Беларусьфільма” Ўладзіміра Замяталіна. Адпаведныя паперы на зацвержанне нібыта былі накіраваныя з Міністэрства культуры ў Савет Міністраў і рашэнне можа быць прынятае ў самы бліжэйшы час Праўда, афіцыйна гэтую інфармацыю пакуль не пацвярджаюць ні ў Мінкультуры, ні ў Саўміне, ні ў "Беларусьфільме".

У той жа час рэжысёр Юрый Гарулёў расказаў Еўрарадыё, што ўчора сустрэў Уладзіміра Замяталіна на выхадзе з кінастудыі. І той падаўся яму незвычайна задуменным.

Юрый Гарулёў:
“Рухаўся ён неяк вельмі павольна і быў нейкі задуменны такі, што ажно няма слоў!”

Сам жа Ўладзімір Замяталін аказаўся "вельмі заняты пільнымі справамі" і з ім паразмаўляць няўдалося.

У той жа час прэс-сакратар “Беларусьфільма” Валянціна Белякова запэўніла Еўрарадыё, што калі ў іх будуць новыя прызначэнні, то кіраўніцтва кінакампаніі яны не закрануць.

Валянціна Белякова: “Кіраўніцтва застаецца на месцы, а калі і могуць здарыцца нейкія змены ў адміністрацыі, то я думаю, што нічога звышнатуральнага ў гэтым няма. Генеральным дырэктарам у нас па-ранейшаму застаецца Ўладзімір Пятровіч Замяталін”.

Між тым, яна прызналася, што чуткі пра магчымую ў хуткім часе адстаўку Замяталіна з пасады дырэктара “Беларусьфільма” даходзілі і да яе. Але разважаць пра тое, што магло стаць нагодай для іх з’яўлення яна адмовілася.

Валянціна Белякова: “Я не лічу, што гэта такая тэма, якую неабходна мусіраваць. Калі б вы альбо я бачылі загад аб новым прызначэнні, Замяталіна ў прыватнасці, тады б мы з вамі можа быць і пагаварылі б на гэтую тэму. Пакуль жа гэта чуткі і з імі можаце звяртацца ў “жоўтую” прэсу. Там за гэта ўхопяцца рукамі і нагамі… Я не жоўтая прэса, я афіцыйная асоба, якая прадстаўляе “Беларусьфільм”. І я не маю права абмяркоўваць чуткі. Тым больш, на такім узроўні”.

Нагадаем, Уладзімір Замяталін прайшоў шлях ад афіцэра-палітработніка савецкага войска да начальніка Ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта, намесніка кіраўніка адміністрацыі, кіраваў Дзяржкамітэтам па друку. На пасадзе дырэктара кінастудыі "Беларусьфільм" працуе са снежня 2006 года.

29 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з Уладзімірам Замяталіным. Падчас сустрэчы кіраўнік дзяржавы прыгадаў, што прызначаючы два гады таму Замяталіна на пасаду кіраўніка "Беларусьфільма", ставіў перад ім задачу зрабіць наша кіно самаакупляльным. Відавочна, што менавіта гэтую задачу вырашыць пакуль няўдалося. Хаця не выключана, што ў новага міністра культуры Паўла Латушкі ёсць і іншыя прэтэнзіі да дырэктара "Беларусьфільма".


Глядзі таксама: Юрый Жадобін стаў міністрам абароны, а Леанід Мальцаў — у Саўбезе

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі