Міністр Караеў назваў іудамі міліцыянтаў, якія сышлі з органаў

Юрый Караеў назваў іудамі тых, міліцыянтаў, якія звольніліся са службы на знак пратэсту пасля жорсткіх разгонаў мірных дэманстрацыяў. Пра гэта міністр унутраных спраў заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу Russia Today.

Пасля падзеяў 9-12 жніўня многія міліцыянты напісалі рапарты на звальненне. Былі і выпадкі, калі былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў выкідалі сваю форму.

Караеў заявіў, што не хоча размаўляць з такімі міліцыянтамі. "Пра здраднікаў усё сказана. Сярод іх ёсць тыя, хто біў сябе кулаком у грудзі раней. Не хачу іх клеймаваць, можа, яны былі добрымі хлопцамі, але ў іх не хапіла мудрасці, стойкасці, ведаў. Відаць, мала чыталі нармальных кніг і аналітычных праграм, больш верылі жоўтай прэсе", — сказаў міністр. 

Асабліва абурыўся ён тым, што міліцыянты сыходзілі з органаў не ціха, а з паведамленнямі ў сацсетках, а потым і СМІ. "Калі ты чагосьці не хочаш, то проста ціха пакладзі жэтон і напішы рапарт. А гэтае дэманстратыўнае выкладванне пагонаў і пасведчання на публіку — гэта яўна за нейкую абяцаную суму. Другі матыў — праславіцца, але праславіцца будучы Іудам – гэта неяк слабенька”, — абурыўся кіраўнік МУС. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.