Вы тут

Міністр аховы здароўя: каранавірус выяўлены ў студэнта БНТУ

Каля аднаго з карпусоў БНТУ / Еўрарадыё

Каранавірус у Беларусі выяўлены ў студэнта БНТУ, заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

"ВНУ, у якім выявілі выпадак носьбіцтва каранавіруса, пераводзіцца на індывідуальную праграму навучання. Гэта БНТУ", — перадае БЕЛТА словы міністра.

Па словах Караніка, студэнт жыў на кватэры. Медыкі шпіталізавалі тых, хто здымаў кватэру разам з ім. 

Захварэлага студэнта, як распавёў міністр, выклікалі ў 33-ю палкілініку. Ён на здароўе не скардзіўся, аднак лекары звярнулі ўвагу на невысокую тэмпературу ў яго (37,3 градуса) і пачырваненне ў горле. Замежніка паклалі на абследаванне, якое паказала наяўнасць каранавіруса. 

Як паведамляла Еўрарадыё, першы выпадак захворвання на каранавірус у Беларусі зарэгістравалі 27 лютага. Яго выявілі ў іранскага студэнта, які прыляцеў у Беларусь 22 лютага праз Баку. У Мінздароўя заявілі, што студэнт і людзі, якія кантактавалі з ім, змешчаныя ў ізаляваныя боксы.

У суседніх з Беларуссю краінах каранавірус выяўлены ў Польшчы, Літве і Расіі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.