Вы тут

Міністэрства сельскай гаспадаркі супакойвае беларусаў: грэчкі хопіць да восені

Грэчка — "стратэгічны прадукт" / pixabay.com

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання супакойвае беларусаў: грэчкі хопіць на 5 месяцаў. Да новага ўраджаю яе на камбінатах хлебапрадуктаў і ў дзяржрэзерве дастаткова. "Сёння ў крамах грэчка ёсць", цытуе словы намесніка міністра Уладзіміра Гракуна БЕЛТА. Ён адрэагаваў на магчымы ажыятаж, звязаны з каранавірусам — некаторыя беларусы пачалі рабіць запасы прадуктаў харчавання.

"У нас сёння дастатковая колькасць збожжавых для таго, каб забяспечыць краіну мукамольна-крупяной прадукцыяй, — гаворыць намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. — Па ячменнай, пярловай, аўсянай крупах у нас маюцца лішкі".

Тая ж сітуацыя і з мяса-малочнай прадукцыяй. Па словах Гракуна, ёй не толькі цалкам забяспечваецца насельніцтва краіны, але і ёсць "экспартны патэнцыял". Лішкі збіраюцца прадаваць за мяжу.

Днямі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання паведаміла пра сітуацыю з забеспячэннем унутранага рынку харчаваннем. У справаздачы падкрэслівалася, што з-за ўзрастання попыту сёлета на 15% ці на 1,2 тысячы тоны (да 9 тысяч тон) павялічыўся выпуск крупяной прадукцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.