Міністэрства аховы здароўя: Беларусі вірус Зіка не пагражае

Міністэрства аховы здароўя: Беларусі вірус Зіка не пагражае

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) назвала ўспышкі ліхаманкі Зіка пагрозай сусветнага маштабу і абвясціла рэжым надзвычайнага становішча.

“Пасля разгляду ўсіх фактаў камітэт прыйшоў да высновы, што прычыны, якія выклікаюць мікрацэфалію і іншыя неўралагічныя разлады, уяўляюць сабой экстраардынарную сітуацыю і пагрозу для здароўя людзей ва ўсіх частках свету, — цытуе заяву кіраўніцы СААЗ Маргарэт Чэнь Euronews. — Неабходна каардынаваць міжнародныя намаганні, каб звесці да мінімуму пагрозу ў краінах, якія ўжо пацярпелі, і паменшыць рызыку далейшага распаўсюджвання віруса па планеце”.

Вірус Зіка пераносіцца камарамі і часта праходзіць без сімптомаў, рэдка выклікае высокую тэмпературу. Навукоўцы падазраюць, што ён прыводзіць да складаных неўралагічных разладаў у плоду падчас цяжарнасці, такіх як мікрацэфалія — недаразвітасць мозгу ў немаўлятаў, а таксама ў рэдкіх выпадках полірадыкуланеўрыт (вострае захворванне перыферыйнай нервовай сістэмы). 

Міністэрства аховы здароўя: Беларусі вірус Зіка не пагражае
Бацька трымае на руках сына з мікрацэфаліяй. Бразілія. Студзень 2016 года. Фота: Reuters

Вакцыны супраць віруса пакуль не існуе. Адзіны спосаб абароны — пазбягаць укусаў камароў.

У цяперашні час вірус распаўсюдзіўся ў 21 краіне амерыканскага рэгіёна. Больш за ўсё — у Бразіліі, дзе выявілі каля 4 тысяч выпадкаў мікрацэфаліі ў дзяцей, а таксама ў Гандурасе. Некалькі хворых зафіксавана ў краінах Еўрасаюза. Паводле ацэнак экспертаў, вірусам Зіка сёлета могуць заразіцца ад 3 да 4 мільёнаў чалавек у Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы. 

Міністэрства аховы здароўя: Беларусі вірус Зіка не пагражае
Камар Aedes aegypti, які пераносіць вірусы ліхаманак. Фота: Flickr

Жыхарам Беларусі вірус Зіка не пагражае, запэўнівае Еўрарадыё намесніца начальніка аддзела гігіены і эпідэміялогіі Мінздароўя Іна Карабан.

“Завозы віруса могуць быць, таму што людзі туды лётаюць. Але перадачы ад чалавека да чалавека няма. Перадаваць вірус можа толькі пэўны від камара, але ў Беларусі такіх камароў няма. Беларусь не мае кліматычных умоваў для іх жыццядзейнасці”, — тлумачыць прадстаўніца Мінздароўя.

Вірус пераносяць камары некалькіх відаў роду Aedes, такія як Aedes aegypti, і дрэвавыя камары. Найбліжэйшыя месцы, дзе яны сустракаюцца, — Грэцыя, Турцыя, Іспанія, краіны Каўказскага рэгіёна.

Паколькі ад чалавека да чалавека Зіка не перадаецца, медыкі сцвярджаюць: не трэба баяцца, што беларускія спартоўцы могуць прывезці вірус з Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра. Арганізатары Гульняў адзначаюць, што эпідэмія не ўяўляе небяспекі для атлетаў і гледачоў, за выключэннем цяжарных жанчын. 

Міністэрства аховы здароўя: Беларусі вірус Зіка не пагражае
Арэал распаўсюджання камароў Aedes aegypti. Выява: elifesciences.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі