Вы тут

Мінгарвыканкам зноў узяўся за "дармаедаў": у яго базе — 67 тысяч мінчукоў

Уладзімір Кухараў / БЕЛТА

Чыноўнікі Мінгарвыканкама зноў узяліся за тэму "дармаедаў". Выкананне дэкрэта №3 "Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва" абмяркоўвалася на чарговым пасядэжнні, паведамляе прэс-служба Мінгарвыканкама.

Выявілася, што ў базе звестак працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, знаходзіцца 67 тысяч мінчукоў. Прычым 12,7 тысячы з іх не працуюць ужо больш за 10 гадоў. 

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заявіў, што "пэўная катэгорыя грамадзян" прынцыпова не жадае працаваць.

"І гэта непрымальная пазіцыя: грамадзяне, якія атрымліваюць пэўныя льготы і карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, павінны ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё грамадства", — заявіў чыноўнік. Па яго словах, сярод непрацуючых ёсць людзі, якія пры гэтым маюць нядрэннае жыллё, аўтамабілі ды іншыя матэрыяльныя каштоўнасці, аднак падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны не плацяць.

Ён дадаў, што колькасць вакансій на сталічным рынку працы перавышае 17 тысяч, больш за 2000 наймальнікаў прапануюць працу. 

Дэкрэт "аб дармаедах" у 2017 годзе выклікаў вялікія і шумныя пратэсты. Улада была вымушаная адкласці яго і перапісаць. Аднак цалкам ад ідэі барацьбы з "дармаедамі" так і не адмовілася. Апошнімі днямі мінчукі скардзяцца, што ім прыходзяць паведамленні пра ўнясенне ў адпаведную базу. Прычым атрымліваюць такія паведамленні нават зарэгістраваныя прадпрымальнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.